Два біскупы. Скульптура XVIII стагоддзя пасля рэстаўрацыі

Два біскупы. Скульптура XVIII стагоддзя пасля рэстаўрацыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 5 лістапада 2025 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Леніна, 20) праходзіць выстава “Два біскупы. Скульптура XVIII стагоддзя пасля рэстаўрацыі”.

На выставе, змешчанай у прасторы пастаяннай экспазіцыі старажытнабеларускага мастацтва, паказаны дзве манументальныя алтарныя скульптуры, якія трапілі ў збор Мастацкага музея ў выніку навуковай экспедыцыі 1969 г. з г. Слоніма. 

Прадстаўленыя да агляду скульптуры з’яўляюцца парнымі, выкананы напрыканцы XVIII ст. і выяўляюць двух святых біскупаў. Адзін з іх, св. Амброзій, – раннехрысціянскі святы, арцыбіскуп Медыяланскі (сучасны Мілан), які жыў у IV ст., уваходзіць у лік Дактароў – Айцоў Рымска-каталіцкага касцёла. Вызначальным атрыбутам з’яўляецца вулей у правай руцэ святога. Згодна з легендай, пасля нараджэння Амброзія акружыў рой пчол, якія ўкладалі ў рот немаўля мёд, а пасля адляцелі, не зрабіўшы аніякай шкоды дзіцяці. Гэты эпізод сімвалічна сведчыць пра тое, што cв. Амброзій быў выбітным прамоўцам, а Слова Божае ў яго вуснах было падобна мёду. Традыцыйна cв. Амброзій Медыяланскі шануецца як патрон пчалярства.

Другі святы – найверагодней, cв. Войцех, які належыць да ліку найбольш шанаваных у Рэчы Паспалітай. Св. Войцех (cв. Адальберт) быў пражскім біскупам. Яго рэліквіі пасля пакутніцкай смерці ў Прусіі ў 997 годзе былі выкуплены польскім каралём Баляславам Храбрым і змешчаны ў касцёле ў г. Гнезна (Польшча), цэнтры, заснаваным тым жа манархам Гнезненскай архідыяцэзіі.

Рэстаўрацыя скульптуры cв. Амброзія адбылася ў сувязі з падрыхтоўкай выставы “Беларуская скульптура XVII–XVIII стст.”, якая праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у 2024 г. Рэстаўрацыя скульптуры другога біскупа – верагодна, cв. Войцеха – завершана ў 2025 г. Мастак-рэстаўратар – Вольга Разумава.

Выстава будзе працаваць да 2 сакавіка 2026 года.

Куратар выставы – Чавус Станіслаў Эдуардавіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

іншыя выставы
Шчасцю – быць!
Шчасцю – быць!

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Перад прыгажосцю тваёй маўчаць
Перад прыгажосцю тваёй маўчаць

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Богаяўленне (Хрышчэнне)
Богаяўленне (Хрышчэнне)

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава графічных работ ХІХ – пачатку ХХ ст.  “Вобразы эпохі”
Выстава графічных работ ХІХ – пачатку ХХ ст. “Вобразы эпохі”

Музей Дом Ваньковічаў