Гэтая выстава – доказ таго, што людзі з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця вельмі таленавіта выкарыстоўваюць мастацтва для перадачы свайго свету іншабыцця.
На выставе “Асаблівы дар” у вас з’явілася магчымасць пазнаёміцца з творчасцю мастакоў, якія пражываюць у ДУ пансіянат “Гармонія” і ў ДУ пансіянат “Ачаг” (г. Мінск).
Што гэта – мастацтва ці не? Адхіленне ад усіх норм і правіл? Адмысловая рэальнасць? Многім з гэтых мастакоў не пашанцавала ў самым пачатку жыццёвага шляху. Цяжкая хвароба – і чалавек усё жыццё знаходзіцца ў рамках “замкнёнай прасторы”, нехта нават не скончыў дапаможнай школы, не навучыўся чытаць і пісаць, а да кагосьці бяда прыйшла пазней, у дарослым жыцці.
Большасць з аўтараў гэтых твораў не маюць прафесійнай мастацкай падрыхтоўкі і не прытрымліваюцца ніводнага з вядомых стыляў. Аднак усе гэтыя творы зачароўваюць сваёй арыгінальнасцю і непасрэднасцю. Гэта – своеасаблівая інтэрпрэтацыя нашага далікатнага свету, загадкавага, іншага, у якім можна прачытаць перажыванні, мары і надзеі па-свойму таленавітых мастакоў.
Гэтыя людзі – творцы ад душы і для душы. Іх творы здаюцца наіўнымі, часам крыху дзіўнымі, але ў той жа час цікавымі і прыцягальнымі. Хочацца адзначыць схільнасць мастакоў да выкарыстання яркіх колераў, кантрастных тэкстур і аб’ёмаў, часта прыдуманых або перамешчаных з побыту штодзённасці ў адмысловае арт-асяроддзе. Частае ўжыванне пісьмовых знакаў разам з малюнкамі, багацце сімвалаў, іерогліфаў. Імкненне выказваць свае ідэі на мове, не падобнай на звыклую, чалавечую. У сутнасці, атавістычная з’ява, а гэта значыць схільнасць да такога спосабу выказвання думак, якім карысталіся нашы далёкія продкі ў прыдумванні новых слоў.
Абсалютным зачараваннем валодаюць кампазіцыйныя рашэнні адносна каларыту і саміх фігур, выбраных памераў, часта прымяняецца адсутнасць перспектывы. Усё гэта выклікана перабольшанай асацыятыўнасцю, якая не дае месца прамежкавым адценням пры ўвасабленні задуманага мастаком вобраза. Нічым не стрымленае ўяўленне і стварае ўсе гэтыя мудрагелістыя выявы.
Гэтае неакадэмічнае, непрадуманае, але па-свойму гарманічнае мастацтва дае ўсведамленне таго, што ў любым стане крыецца творчы рэсурс. Патрэба ствараць, пераасэнсоўваць – найважнейшая частка чалавечай асобы, якая можа быць рэалізавана ў любых абставінах. Творчасць і мастацтва жывуць у сэрцы кожнага. Мастакі не страцілі радасці і веры, кахання і надзеі. Сам працэс стварэння – асаблівая форма тэрапіі, якая можа быць не толькі механізмам самавыяўлення, але і вылячэння.