Элегантнасць серабра: скарбы Аманскага двара

Элегантнасць серабра: скарбы Аманскага двара

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

18 снежня 2025 года а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Элегантнасць серабра: скарбы Аманскага двара” з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман.

Выстава прадставіць найбольш яркія і цікавыя творы з калекцыі Нацыянальнага музея, што дазволіць прадэманстраваць багацце гістарычнай і культурнай спадчыны Амана. У складзе экспазіцыі прадугледжаны розныя раздзелы, закліканыя пазнаёміць гледача з разнастайнымі гранямі аманскай культуры, яе звычаямі і традыцыямі.

Мастацтва апрацоўкі серабра – адно з найважнейшых у аманскай культуры. Са старажытных часоў і да нашых дзён упрыгожаныя срэбрам вырабы не толькі сведчаць аб статусе і матэрыяльным дабрабыце ўладальніка, але і служаць сродкам мастацкага самавыяўлення майстра, які іх стварыў. У экспазіцыі выставы прадстаўлены вытанчаныя творы аманскіх майстроў – вырабленыя з каштоўнага металу парадныя кінжалы, паясы, амулеты, ювелірныя ўпрыгажэнні і разнастайныя аксесуары. Незалежна ад свайго першапачатковага прызначэння выкананыя з філігранным мастацтвам сярэбраныя прадметы набываюць метафізічны сэнс, увасабляючы духоўную ахову, спалучаюць у сабе дасканаласць формы і каштоўнасць высакароднага металу. Для разумення выключнай ролі серабра ў гісторыі і культуры Амана неабходна адзначыць, што серабро ўжывалася пры вырабе традыцыйнага кінжала ханджар, адлюстраванага ў нацыянальнай эмблеме Султаната Аман.

У нацыянальнай эмблеме ў поўнай меры адлюстравана і сімвалічнае значэнне зброі. Кінжалы, якія выкарыстоўваліся ў Амане прынамсі з III тысячагоддзя да н.э., ужо ў далёкім мінулым выконвалі як практычныя, так і цырыманіяльныя функцыі. На выставе прадстаўлены разнастайныя прыклады традыцыйных кінжалаў, створаных у розныя перыяды аманскай гісторыі. Вытворчасць кінжалаў з’яўляецца самым шматгранным з усіх аманскіх рамёстваў і ўключае працу са сталлю, дрэвам, рогам ці косцю, тканінай, скурай і, вядома, адрозніваецца шматлікімі метадамі апрацоўкі серабра. Асобная частка выставы будзе прысвечана як гісторыі, так і культуры ханджара, яго частак і аксесуараў.

На выставе экспануюцца традыцыйныя касцюмы, якія дэманструюць разнастайнасць функцый аманскага адзення. Яна ўвасабляе рэлігійныя перакананні, ідэнтычнасць, сціпласць, абарону, упрыгожванне і годнасць.

Значны раздзел выставы прысвечаны ювелірным упрыгажэнням. Гэтыя экспанаты маюць не толькі ўтылітарнае значэнне, але таксама адлюстроўваюць індывідуальныя і грамадскія каштоўнасці людзей, такія як эстэтыка, этыкет, прыхільнасць рэлігіі і самавыяўленне.

Адмысловае месца на выставе займае комплекс мемарыяльных рэчаў прынцэсы Саіды Сальмы бінт Са’ід аль-Буса’ідзі, аўтара твора “Мемуары арабскай прынцэсы Занзібара”, першай у свеце аўтабіяграфіі знатнай арабскай жанчыны.

Шэраг экспанатаў выставы пазнаёміць з культурай водару – адной з традыцыйных ва ўсіх рэгіёнах Амана. Выстава прадставіць прыклады флаконаў мужчынскіх духоў сусветна вядомага парфумернага дома Amouage, дызайн якіх быў натхнёны аманскім кінжалам.

Выстава “Элегантнасць серабра: скарбы Аманскага двара” з’яўляецца вынікам шматгадовага супрацоўніцтва паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным музеем Султаната Аман. У 2019 годзе ў Мінску з поспехам дэманстравалася выстава “Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына”, якая прадставіла работы рамесных майстроў Амана і стала прэзентацыяй аднаго з найбуйнейшых музеяў Усходу ў Рэспубліцы Беларусь.

Выстава будзе экспанавацца да 18 сакавіка 2026 года.

Генеральны партнёр праекта – Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Міжнародныя паслугі па маркетынгу тытуню Бі Уай”.

іншыя выставы
Мастакі на вакацыях
Мастакі на вакацыях

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Руская ікона і мастацкае ліццë XVI – пачатку XX ст.
Руская ікона і мастацкае ліццë XVI – пачатку XX ст.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Абярэжнае кола: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва
Абярэжнае кола: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Заўтра я ўспомню
Заўтра я ўспомню

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень