Маці Божая Адзігітрыя (з грэч. - якая паказвае Шлях) найбольш распаўсюджаны варыянт Яе выявы з дзіцем Ісусам Хрыстом, які правай рукой дабраслаўляе, а ў левай трымае скрутак або кнігу. У Магілёўскі музей твор паступіў у 1960-я гады, калі вынікам супрацьстаяння дзяржавы і царквы стала масавае закрыццё храмаў. Мяркуючы па памерах, прадстаўленая ікона знаходзілася або ў мясцовым шэрагу іканастаса, або ў асобным кіёце, па прыкладзе абраза Маці Божай Мінскай са Святадухава сабора. Навуковыя супрацоўнікі разумелі значнасць іконы і неабходнасць яе вывучэння, што ўяўлялася магчымым толькі пасля правядзення рэстаўрацыйных работ. Ужо ў той час было відавочна, што мастацкія асаблівасці жывапісу XIX–пач. XX ст. не адпавядаюць метадам апрацоўкі драўлянай асновы, больш ранняй па часе.
Тры гады таму ікона з Магілёўскага музея паступіла ў навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь для правядзення даследчых работ, умацавання грунту і фарбавага слоя. Папярэдняе вывучэнне паказала, што першапачатковы аўтарскі жывапіс знаходзіцца пад двума пластамі запісу, верхні з якіх адносіцца да XIX–пач. XX ст.
Мастаком-рэстаўратарам М.В. Зіміной былі выкананы прафілактычныя работы і частковыя зандажы. Па ўзгадненні з кіраўніцтвам Магілёўскага музея і рашэнні рэстаўрацыйнай рады НММ РБ у 2025 г. мастаком-рэстаўратарам 2-й катэгорыі С.В. Шаціла праведзена поўнае раскрыццё арыгінальнага жывапісу XVII ст. Адной з датуючых прыкмет з'явіўся малюнак разнога арнаментальнага фону, вядомага ў беларускім іканапісе з другой паловы XVI ст.
Музейным спецыялістам трэба будзе правесці працу па ўдакладненні абставінаў паходжання абраза, яго рэгіянальнай прыналежнасці, іканаграфічным зводу, магчыма – датыроўцы. Здабыццё ўнікальнага твора XVII ст. узбагачае гісторыю іканапісу Беларусі і раскрывае новыя магчымасці яе ўсебаковага вывучэння.
Выстава будзе працаваць да 01 лютага 2026 года.