Хатынь. Да 80-годдзя трагедыі

Хатынь. Да 80-годдзя трагедыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

22 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава “Хатынь. Да 80-годдзя трагедыі” з калекцыі музея і прыватных збораў.

22 сакавіка – Дзень памяці трагедыі Хатыні. У гэты дзень, 80 гадоў таму, у 1943 годзе нацысцкія карнікі разрабавалі і спалілі дашчэнту беларускую вёску Хатынь разам з усімі яе жыхарамі – у асноўным жанчынамі, старымі і дзецьмі. У агні загінулі 149 чалавек, 75 з іх былі дзеці да 16 гадоў.

Трагедыя Хатыні – адна з самых крывавых старонак гітлераўскага генацыду часоў Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне. За перыяд акупацыі 1941–1944 гадоў больш за 600 беларускіх вёсак, як і Хатынь, былі спалены разам з іх насельніцтвам, 216 вёсак ніколі больш не адрадзіліся з попелу. Трагедыю сотняў спаленых беларускіх вёсак, гібель тысяч мірных людзей немагчыма і нельга забыць. Гэта тысячы фактаў, якія сведчаць пра мэтанакіраваную палітыку генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі.

Тры пакаленні беларускіх мастакоў у творах мастацтва складалі летапіс падзей Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыю выставы ўвайшло больш за 30 твораў, прысвечаных трагедыі мірнага насельніцтва Беларусі. Гэта манументальная серыя каляровых літаграфій “Памяці вогненных вёсак” (1979–1985) народнага мастака Беларусі, прафесара Васіля Пятровіча Шаранговіча, створаная па кнізе А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка “Я з вогненнай вёскі…” (1975), дзе былі сабраны сведчанні больш як 300 людзей, што выпадкова выратаваліся і асабіста перажылі трагедыю знішчэння іх вёскі, родных і аднавяскоўцаў. Замалёўкі суровых ваенных будняў мастака-франтавіка Барыса Яўсеевіча Малкіна “Па слядах вайны” (1942–1944). Афорты серыі “Старая Рудзіца” (1982) Анатоля Вячаслававіча Аляксандровіча, прысвечаныя трагедыі беларускай вёсачкі пад горадам Дзяржынскам, малой Радзімы сям’і Аляксандровічаў, якую напаткаў лёс Хатыні. Жывапісны дыптых “Вогненная вёска” (1984) Таболіча Рыгора Фёдаравіча. Цыкл “Хатынь” (2022) Усевалада Швайбы, маладога мінскага мастака. А таксама творы архітэктурнай графікі аўтараў мастацкага рашэння мемарыяльнага комплексу “Хатынь” – архітэктараў Леаніда Левіна (1936–2014), Юрыя Градава (1934 г. н.) і Валянціна Занковіча (1937 г. н.).

Выстава будзе працаваць
 да 24 красавіка 2023 года

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні