Маці Божая Жыровіцкая

Маці Божая Жыровіцкая

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

19 мая 2025 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Леніна, 20а) адкрываецца выстаўка адной іконы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – «Маці Божая Жыровіцкая» XIX ст., прымеркаваная да 555-годдзя з'явы святыні.

Абраз Маці Божай Жыровіцкай знаходзіцца ў Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры і шануецца як цудатворны праваслаўнай, уніяцкай і каталіцкай цэрквамі. Па паданні, яна з'явілася пастушкам у 1470 г., на грушы, каля маёнтка Жыровічы. Гэта адна з галоўных святыняў і рэліквій Беларусі. Абразок уяўляе сабой авал з яшмы памерам 5,7х4,1х0,8 см, на адным баку якога выразана рэльефная выява Маці Божай Замілаванне з Немаўляткам на правай руцэ. Хрыстос у кароткім хітоне прыціскаецца да Маці, яго галава некалькі адкінута назад і датыкаецца да нахіленай галавы Марыі. На гравюры Л. Тарасевіча, выкананай у 1682 г. па малюнку П. Бацэвіча, абраз Жыровіцкай Маці Божай раней быў устаўлены ў металічную акантоўку з надпісам: «Честнейшую Херувим и славнейшую без сравнения Серафим, без истления Бога Слова рождшую». Гэты надпіс прысутнічае на большасці копій Жыровіцкай святыні, як і на спісе з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, які паходзіць з Турава Гомельскай вобласці.

Выява Маці Божай з Дзіцяткам размяшчаецца ў авале з вышэйназваным надпісам. Па кутах палатно дэкарыравана букецікамі кветак. У адрозненне ад пратографа, на публікуемым помніку галоўка Дзіцятка менш адхіленая назад і ножкі злучаныя разам. Таксама некалькі зменена становішча галавы і рук Маці Божай.

Выстаўка будзе працаваць да 31 мая 2025 года.

Куратар выстаўкі – Сысоева Любоў Львоўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

іншыя выставы
Чарнобыль: 40 гадоў сузірання
Чарнобыль: 40 гадоў сузірання

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Зніклае і вечнае. Георгій і Наталля Паплаўскія
Зніклае і вечнае. Георгій і Наталля Паплаўскія

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Выстава аднаго шэдэўра: “Прагулка” Марка Шагала
Выстава аднаго шэдэўра: “Прагулка” Марка Шагала

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV ст.
Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV ст.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь