Напярэдадні святаў: Графіка Вольгі Крупянковой

Напярэдадні святаў: Графіка Вольгі Крупянковой

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

3 снежня 2026 года а 17 гадзіне адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі “Напярэдадні святаў: Графіка Вольгі Крупянковай”.

Вольга Крупянкова — вядомы мастак-графік, працуе ў галіне станковай графікі, кніжнай ілюстрацыі і экслібрыса. У экспазіцыі прадстаўленыя творы ў жанры экслібрыса, выкананыя ў тэхніцы літаграфіі.

Экслібрыс — гэта кніжны знак. На працягу стагоддзяў экслібрыс прайшоў доўгі шлях развіцця ад звычайнага штампа з імем уласніка да складанай сюжэтна-дэкаратыўнай кампазіцыі і пераўтварыўся ў самастойны жанр выяўленчага мастацтва. Сучасны экслібрыс не толькі абазначае прыналежнасць кнігі, але і можа выяўляць характар уласніка, яго прафесійныя інтарэсы і асабістыя прыхільнасці.  

Беларуская школа экслібрыса мае даўнія традыцыі. Прататыпам экслібрыса ў Беларусі можна лічыць друкарскі знак з выявай Сонца і Месяца ў кнігах Францыска Скарыны. Але актыўнае развіццё экслібрыса як мастацкага жанра пачалося ў Беларусі ў 1920-х гадах. Сёння беларуская школа экслібрыса набыла сусветную вядомасць, мастакі з Беларусі неаднаразова станавіліся прызёрамі міжнародных конкурсаў экслібрыса.  

У экспазіцыі прадстаўленыя творы на тэмы казачных сюжэтаў (“Аліса ў Цудазем’і”, “Снежная каралева”, “Шчаўкунок” і інш.). 

Экслібрысы Вольгі Крупянковай на казачныя тэмы прасякнутыя радасцю пазнання загадкавага, трохі палохаючага, але надзвычай цікавага свету, адчуваннем жыцця як чароўнай казкі і захапляючай прыгоды. Яны прывабліваюць не толькі фантастычным зместам, але і кампазіцыйнай складанасцю, спалучэннем рознамаштабных аб’ектаў, якое стварае складаны, але цалкам пазнавальны вобраз.

Вольга Генадзеўна Крупянкова нарадзілася ў 1969 годзе ў Мінску. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава (1988) і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (1995). Жыве ў Мінску, старшы выкладчык кафедры малюнка, акварэлі  і скульптуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (з 2015 года). Удзельніца шэрага рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1999 года.  

Творы аўтара знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным мастацкім музеі, а таксама ў галерэях і прыватных зборах Беларусі і іншых краін.

Часовая экспазіцыя працуе да 20 снежня 2026 года.

Куратор часовай экспазіцыі — Корзун Франц Валер’евіч, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

іншыя выставы
Беларуская дэкаратыўная разьба XVII–XVIII стагоддзяў
Беларуская дэкаратыўная разьба XVII–XVIII стагоддзяў

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Адна зіма
Адна зіма

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Час утульных традыцый
Час утульных традыцый

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Запаведны напеў
Запаведны напеў

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь