Мікалай Кузьміч “Byzantium”

Мікалай Кузьміч “Byzantium”

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

2 снежня 2020 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё персанальнай юбілейнай выставы вядомага беларускага мастака Мікалая Кузьміча “Byzantium”. У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя работы майстры ў тэхніцы старажытнавізантыйскай эмалі – іконы, абразкі, медальёны, зробленыя цягам некалькіх апошніх гадоў.

Мікалай Кузьміч упісаў сваё імя ў гісторыю Беларусі, калі аднавіў адну з нацыянальных святыняў — Крыж Еўфрасінні Полацкай, які захоўваецца сёння ў Свята-Еўфрасіннеўскай царкве Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Праз некалькі гадоў Мікалай Пятровіч зрабіў стаўратэку (сховішча для крыжа) і раку для мошчаў самой Еўфрасінні Полацкай. Дзяржава і праваслаўная царква высока ацанілі працу мастака. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кавалер ордэнаў Францыска Скарыны, Рускай праваслаўнай царквы ў імя Святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра і Крыжа Святой Еўфрасінні Полацкай, адзначаны медалём князя Канстанціна Астрожскага — гэта далёка не поўны пералік яго ўзнагарод. 

Мікалая Кузьміча называюць Лазарам Богшам нашага часу. Знакаміты майстар працуе ва ўнікальнай тэхніцы старажытнавізантыйская перагародчатай эмалі, у нашай краіне ёю не валодае ніхто, а сусветных прафесіяналаў можна пералічыць па пальцах. Малюнак і колер — два асноўных выяўленчых кампаненты, што сталі эталонам для работ майстра. Старажытныя ўзоры і візантыйскія традыцыі, на якія майстар абапіраецца асабліва ў сакральных творах, не скоўваюць яго фантазіі. Ён выкарыстоўвае тэхналогіі XII стагоддзя для новых прыёмаў, дзе лаканічнасць і мінімалізм сучасных формаў гарманічна спалучаецца з барочным багаццем колеравага рашэння.

Перагародчатая эмаль — тонкая і працаёмкая ручная работа. Менавіта па гэтай прычыне ў масавай вытворчасці яна практычна не выкарыстоўваецца. Ювелірныя кампаніі часцей “узнаўляюць эфект” перагародчатай эмалі больш эканамічна апраўданымі спосабамі, напрыклад, адліваючы выраб з гатовымі ячэйкамі пад эмаль (аналагічна тэхніцы выемчатай эмалі). Сапраўдная перагародчатая эмаль выкарыстоўваецца ў аўтарскіх творах асобных, рэдкіх майстроў.

Гэта тэхніка патрабуе адточанасці майстэрства. Як надаць дынаміку і смелы стыль малюнку, каб у прадыктаваных іканаграфіяй позах захаваць адчуванне жывога ўнутранага руху? Усё залежыць ад лёгкасці, празрыстасці перагародкі. Чым таўсцей залатая нітка, тым больш малюнак нагадвае шаблон. Доўгай тонкай напружанай перагародкай можна “маляваць” як завостраным алоўкам.

А колер эмаляў? Той самы — з таямнічым матавым бляскам золата і багаццем маляўнічых адценняў? Сёння складаныя адценні Мікалай Кузьміч стварае, эксперыментуючы з сумесямі сучасных эмалевых парашкоў, дабіваючыся нябеснай яркасці лазурыту, загадкавай глыбіні імператарскага пурпурнага, чыстага, чароўнага свячэння белага. Уся жывапісная палітра са складанымі адценнямі задзейнічана ў перагародчатай эмалі беларускага майстра.

Вытанчаныя работы Мікалая Кузьміча віртуозна спалучаюць у сабе традыцыйную візантыйскую эстэтыку формы, лініі і якасці вытворчасці, еўрапейскія ўяўленні пра стыль і функцыі твора мастацтва са знакавасцю, сэнсавай нагрузкай элементаў і сімвалаў. Пры гэтым яго творы застаюцца неперагружанымі дэталямі, візуальна лёгкімі, “паветранымі”. 

Трэба дадаць, што Мікалай Кузьміч — сапраўдны патрыёт Брэста. Ён прыехаў у горад у 1982 годзе згодна з размеркаваннем ды так тут і застаўся. І сёння ў цэнтры Брэста працуе ювелірная крама-галерэя “Візантыя” з майстэрняй, дзе ён разам з сынам Пятром вырабляе і іконы, і ювелірныя ўпрыгажэнні. 

Мікалай Кузьміч да царкоўнай тэматыкі вяртаецца шмат і часта. Але робіць гэта зусім на іншым узроўні, ствараючы абразкі, крыжы і іконы, свабодныя ад капіравання ў тэхніцы перагародчатай эмалі. Ён даўно ўжо адчувае сябе ўпэўнена. Дасканала валодае матэрыялам. Выдатна разлічвае архітэктуру выяў, нават самых складаных — нічога лішняга, усё на месцах. Стыль яго малюнкаў перагародкамі дынамічны, смелы, раскаваны. А творы выходзяць за рамкі ювелірнага або чыста дэкаратыўнага мастацтва, наогул за рамкі лакальнай з’явы. 

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні