Часовая экспазіцыя “Крыху пяшчоты” з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь прымеркавана да Тыдня бацькоўскай любві, які аб’ядноўвае Дзень маці 14 кастрычніка і Дзень бацькі 21 кастрычніка. Экспанаванне выставачнага праекта пройдзе з 14 кастрычніка па 9 лістапада 2026 года ў 4-й зале пастаяннай экспазіцыі “Беларускае мастацтва XX–XXI стст.” (вул. Леніна, 20, уваход праз выставачны корпус па вул. К. Маркса, 24).
Бацькоўская любоў не нараджаецца ў момант першага крыку немаўляці і не пачынаецца з яго першых крокаў. Яе вытокі ляжаць значна глыбей – у абсалютнай, звонкай цішыні чакання, у трапяткім сэрцабіцці, у тым сакральным, патаемным прамежку часу, калі жанчына песціць новае жыццё. У гэты перыяд яе цела і душа становяцца першай калыскай, непрыступнай крэпасцю і аазісам спакою для яшчэ не народжанага чалавека.
Быць бацькамі – гэта штодзённая нябачная праца, вытканая з турботы, цярпення і бязмежнай любві. Быць дзецьмі – значыць ведаць, што ёсць дом, дзе цябе заўсёды чакаюць і прымаюць. Усім нам часам неабходны ласка, спакой і падтрымка, асабліва ў свеце, поўным хаатычнасці. Бацькоўская любоў – не гучныя словы. Гэта здольнасць стаць прытулкам, растварыцца ў клопаце пра іншага, падараваць крыху пяшчоты. Яна тоіцца ў дробязях і выяўляецца ў ледзь прыкметных жэстах: у чулых руках маці, якія папраўляюць коўдру, у моцным плячы бацькі, на якое можна абаперціся, у цёплых абдымках, добрай усмешцы і шчырай гутарцы пасля доўгага дня.
Наша часовая экспазіцыя – гэта інтымная прастора, маўклівая падзяка самым дарагім людзям. Розныя аўтары, мастацкія мовы і матэрыялы аб’ядноўваюцца ў адчувальную сімфонію, каб адлюстраваць самы святы і далікатны стан жанчыны – час чакання дзіцяці. З дапамогай твораў мастацтва мы паспрабавалі перадаць тое, што цяжка і немагчыма выказаць словамі: абсалютную, чыстую пяшчоту, у якой спее новае жыццё, і тое бацькоўскае цяпло, якое абараняе нас на працягу ўсяго шляху.
Камерны выставачны праект прапануе гледачу сысці з дыстанцыі паўсядзённага марафону, запаволіць імклівы бег будняў, пакінуць за парогам мітусню і трывогі. Гэта запрашэнне вярнуцца да вытокаў уласнага быцця, угледзецца ў самы трывалы падмурак чалавечага жыцця – бацькоўскую любоў – і ўспомніць пра тых, чый клопат захоўваў нас задоўга да таго, як мы адкрылі вочы.
Куратары часовай экспазіцыі – Анастасія Карнейка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст., і Дзіяна Шантар, згадчык аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу.