У экспазіцыю выставы ўключана звыш за 70 работ болей 40 аўтараў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Часавы дыяпазон экспануемых твораў – пачатак 1900-х – пачатак 2010-х гг.
Падобныя выставы можна разглядаць як дадатак да пастаяннай экспазіцыі музея, у якую ўваходзяць “хрэстаматыйныя” работы шэрага мастакоў. Але былі і іншыя майстры, і іншыя творы, таму такія выставы з фондаў – “выхад у свет” для твораў, якія часам на працягу дзесяцігоддзяў знаходзіліся, нікому не бачныя, у сховішчах, і не мелі магчымасць ажыццяўляць дыялог аўтара і гледача.
Некаторыя з прадстаўленых аўтараў “гучаць” сугучна, нягледзячы на дзесяцігоддзі паміж імі, іншыя, хаця жылі адначасова, заўважна розняцца, у цэлым утвараючы калейдаскапічную карціну розных светапоглядаў і інтэрпрэтацый рэальнасці.
Не ўсе экспаненты выставы нарадзіліся на Беларусі, некаторыя толькі працавалі ці працуюць тут у той ці іншы час, не ўсе выхадцы з Беларусі працавалі на Радзіме, але ўсе разам яны складаюць шматколерную панараму мастацтва нашай краіны.
Мастацтва, якое стваралася на працягу больш за сто гадоў, дазваляе адчуць атмасферу розных эпох, пазнаёміцца з эвалюцыяй густаў мастакоў і грамадства і, такім чынам, ажыццявіць свайго роду падарожжа ў часе.
Выстава “Плынь часу” будзе экспанавацца з 17 жніўня па 21 кастрычніка 2024 г. у галоўным корпусе (вул. Леніна, 20, галерэя і фае).
Куратар выставы – Вайцэхоўская Валянціна Уладзіміраўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стагоддзяў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.