Прафесійную адукацыю Рыгор Віткоўскі атрымаў у Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Вучыўся ў народных мастакоў Валянціна Віктаравіча Волкава і Віталя Канстанцінавіча Цвіркі, у стваральнікаў школы беларускай графікі, заслужаных дзеячаў мастацтваў Паўла Канстанцінавіча Любамудрава і Сямёна Пятровіча Геруса. У 1965 годзе ўступіў у Саюз мастакоў БССР. У гэты ж час з 1965 г. пачалася яго педагагічная кар’ера: праца ў Беларускім політэхнічным інстытуце (з 2002 года – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) на архітэктурным факультэце, дзе Віткоўскі выкладаў да 1984 года на пасадзе дацэнта.
На выставе глядач убачыць шэраг твораў з цыклаў пра Вялікую Айчынную вайну і мірнае жыццё, пра Мінск і мінчанаў, пра вандроўкі мастака па роднай Беларусі і за яе межамі, створаных у тэхніках акварэлі, пастэлі, у афорце, лінагравюры і ў літаграфіі. Побач з творамі сталага майстра пэндзля і разца будуць прадстаўлены творы студэнцкіх гадоў мастака.
Выстава працягнецца да 20 ліпеня 2025 года.