СЯМЁН ГЕРУС. ДА 100-ГОДДЗЯ МАСТАКА

СЯМЁН ГЕРУС. ДА 100-ГОДДЗЯ МАСТАКА

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

14 лютага 2026 года ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пачынае працу выстава, прысвечаная 100-годдзю выдатнага мастака, “бацькі беларускай тыражнай графікі” Сямёна Пятровіча Геруса.

Творчасць Сямёна Геруса (1925–1998) адыграла неацэнную ролю ў гісторыі беларускага графічнага мастацтва: яна з’яўлялася своеасаблівым сувязным звяном паміж творчасцю даваенных майстроў графікі і ў тым ліку ўзгадаваным ім самім пакаленнем мастакоў, якія пачалі выстаўляцца ў 1960-я.

Сямён Пятровіч Герус нарадзіўся 21 лістапада 1925 года ў в. Кунічна (Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць) у сялянскай сям’і. Будучы мастак паспяхова атрымаў прафесійную адукацію спачатку ў Навагрудскім педвучылішчы (1945), а потым і ў Дзяржаўным мастацкім інстытуце Літоўскай ССР у Вільнюсе (1946–1952). Лісты з дыпломнай працы мастака, серыі каляровых аўталітаграфій “Вызваленне і аднаўленне” (1952), увайшлі ў экспазіцыю юбілейнай выставы.

У 1953 годзе мастак вярнуўся у Беларусь, каб заняць пасаду выкладчыка графічнага аддзялення на мастацкім факультэце Беларускага дзяржаўнага 
тэатральна-мастацкага інстытута, дзе ён прапрацаваў амаль 14 гадоў. У эстампнай майстэрні, арганізаванай па ініцыятыве мастака, сфарміравалася цэлае пакаленне знакамітых беларускіх графікаў – вучнямі Геруса былі Арлен Кашкурэвіч, Наталля Паплаўская, Людвіг Асецкі, Рыгор Віткоўскі і іншыя. 

Сямён Герус рэгулярна прадстаўляў сваі работы на рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставах. Займаўся папулярызацыяй графічнага мастацтва, актыўна ўдзельнічаў у грамадзянскім і культурным жыцці рэспублікі, за што быў удастоены ганаровых узнагарод.

Бездакорнае валоданне разнастайнымі тэхнікамі эстампа: літаграфіяй, афортам, лінагравюрай, тонкае ўспрыманне прыроды, асабліва чалавечай, жывая цікавасць да беларускага мінулага дазвалялі Герусу аднолькава паспяхова працаваць у пейзажным, партрэтным і гістарычным жанрах. У яго лепшых графічных лістах – эфектных відах Мінска, далікатных сельскіх пейзажах, выразных партрэтах сучаснікаў і вядомых людзей мінулага прасочваецца самая сутнасць развіцця беларускай гісторыі – “ад лучыны да атамнага рэактара”.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за паўсотні работ тыражнай і арыгінальнай графікі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, прыватных калекцый, а таксама асабістыя фатаграфіі і дакументы аўтара з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. 

іншыя выставы
Шчасцю – быць!
Шчасцю – быць!

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Перад прыгажосцю тваёй маўчаць
Перад прыгажосцю тваёй маўчаць

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Богаяўленне (Хрышчэнне)
Богаяўленне (Хрышчэнне)

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава графічных работ ХІХ – пачатку ХХ ст.  “Вобразы эпохі”
Выстава графічных работ ХІХ – пачатку ХХ ст. “Вобразы эпохі”

Музей Дом Ваньковічаў