У выставачным праекце прадстаўлены работы вучняў Магілёўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў розных гадоў, прысвечаныя роднаму гораду. Гэта творчая справаздача, поўная жывых уражанняў і адкрыццяў, прызнанне ў любові да Магілёва. Душэўнае падарожжа па гісторыі горада, расказанае юнымі мастакамі ў тэхніцы керамікі, у жывапісных і графічных кампазіцыях. Галоўныя героі – магілёўцы і госці горада. Кожны твор
па-свойму арыгінальны і выразны ў выбары мастацкага матэрыялу і тэхнікі выканання. Сюжэты разнастайныя і непаўторныя: ад мінулага да сучаснага, ад будзённай раніцы да святочных агнёў, ад шумных мнагалюдных плошчаў да ціхіх утульных дворыкаў, дзе дарагі кожны куток, ад хмурнай восені да вясëлага лета. Гэтым шляхам вас правядуць юныя мастакі – вы зможаце здзівіцца, усміхнуцца, задумацца і памарыць…
2026 год – год 50-гадовага юбілею. Паўстагоддзя – гэта не проста дата, гэта жывая нітка, якая злучае пакаленні настаўнікаў і вучняў. Час бяжыць, усё вакол мяняецца, але школа застаецца верным прычалам. Яна зноў і зноў расчыняе дзверы перад тымі, хто хоча дакрануцца да свету, дзе фарбы гучаць, лініі дыхаюць, а гармонія нараджаецца на вачах. Тут вучаць не толькі маляваць – тут вучаць глядзець, адчуваць, дзівіцца, сябраваць і тварыць на мяжы смеласці і натхнення. Менавіта ў гэтых сценах талент робіць свой першы нясмелы крок, каб аднойчы стаць упэўненым почыркам мастака, архітэктара ці дызайнера.
Выстава ««Мы малюем Магілёў» працягнецца да 14 чэрвеня 2026 года.
Куратар – Ларыса Будкевіч, старшы навуковы супрацоўнік філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь ««Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі».