Традыцыя святкаваць Дзень пагранічніка 28 мая пачалася яшчэ ў СССР (у склад якога ўваходзіла і Беларусь) у 1958 годзе, паколькі менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе Радай Народных Камісараў была заснаваная Пагранічная ахова межаў РСФСР. У гэты дзень ушаноўваюць воінаў, якія з гонарам і годнасцю нясуць сваю няпростую службу на граніцы, а таксама ўспамінаюць тых, хто цаной уласнага жыцця адваёўваў кожны метр сваёй Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўная задача выставачнага праекта – раскрыць гераічны вобраз воінаў, якія самазабыўна зрабілі абарону дзяржаўнай граніцы адной з галоўных мэт свайго жыцця, паказаць будні тых, хто служыць на пагранзаставе, выразнымі сродкамі выяўленчага мастацтва.
На выставе будуць прадстаўлены: жывапіснае палатно “На межах Радзімы” (1965) заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Уладзіміра Маркавіча Пасюкевіча (1931–2009); графічныя творы, выкананыя ў тэхніцы акварэлі і гуашы заслужаных дзеячаў мастацтваў БССР Льва Мееравіча Лейтмана (1896–1974) (“Патрэт пагранічніка Міхаіла Міхайлавіча Карамзіна” (1964), “Баявыя сябры” (1964) і Мікалая Лукіча Тарасікава (1908–1965) (“Двор пагранзаставы” (1962), “Хвіліна маўчання” (1962), а таксама скульптурная кампазіцыя “Пагранічнік” (1953) Івана Іванавіча Гроднікава (1917–1955 (?).
Усе гэтыя мастакі сталі сведкамі страшнай вайны, таго, як стрымлівалася наступленне ворага сіламі пагранічных войскаў. Верагодна таму майстры выяўленчага мастацтва, ажыццяўляючы вобразы ваенных-пагранічнікаў, імкнуліся адлюстраваць у іх фігурах стойкасць і мужнасць.