Гісторыя будаўніцтва культавага помніка XIX ст. у вёсцы Раўбічы

 У выніку аналіза літаратурных, архіўных і вусных крыніц, аўтарам высветлена, што гісторыя будаўніцтва касцёла ў в. Раўбічы была цесна звязана з урочышчам Крыжагорск.

Як сведчыць “Описание церквей и приходов Минской епархии”, урочышча Крыжагорск знаходзілася ў мінскім павеце і ад Мінска размяшчалася ў 20 вёрстах. Паблізу не было ні чыгункі, ні паштовай станцыі. Мясцовасць гэта адзначаецца асаблівай маляўнічасцю. Яна ўяўляе два шэрагі ўзаемна-перакрыжаваных узвышаных пагоркаў, якія ўтвараюць падабенства крыжа, дзе на самым высокім і цэнтральным месцы размяшчаўся храм. Ад такога месцазнаходжання і атрымалі назву храм і прыход – “Krzyzogorski”. Ля падножжа пагорка, які займае храм, працякае рака Усяжа. Вёскі пры царкве не было, а размешчана была толькі сядзіба прычта.

Па пісьмовых помніках, якія захаваліся, можна прыйсці да высновы, што ў гэтай мясцовасці існавалі два храмы. Па паданню, падставай для пабудовы першага з іх, які адносіцца да 1650 г., было з’яўленне мясцовага абраза Маці Божай або Багародзіцы Карміцелькі [5, с. 92–93]. Абраз абараніў мясцовага шляхціца Лукаша Халяву пад час страшэнай навальніцы. Дрэва, на якім гэты абраз быў знойдзены, пан Лукаш і жыхары яго радавой вёскі Халяўшчызны, што размяшчалася за ўрочышчам Крыжагорск, абнеслі васьмівугольнай капліцай, а крона дрэва стала купалам. У пачатку ХVIIІ ст. фундацыя на храм была аформлена завяшчаннем ужо Аляксандра Халявы, наступнага ўладальніка гэтых мясцін.

Пра абраз трэба сказаць, што ён уяўляў сабой, згодна з архіўнымі апісаннямі, абраз, “напісаны на меднай дошцы, даўжыня якой 5 вяршкоў і шырыня 4 вяршкі” (прыблізна 22,5 х 18 см). Яшчэ гісторыкі ў ХІХ ст. лічылі, што магчыма гэта быў абраз, які “пабожна насілі нашы продкі пад латамі, ідучы на вайну, і нават пад штодзённай вопраткай у мірны час”. Як ужо адзначалася, гэта была выява млекакормячай Маці Божай. Знізу выявы на сярэбранай рызе вычаканены надпіс на лацінскай мове: “lactasti sacvubere”. Паданне станоўча прыпісвае гэтаму абразу пазбаўленне мясцовых і навакольных жыхароў ад бедстваў пад час шведскага нашэсця. Прызнаецца за цуд тое, што абраз гэты, калі яго тайна вынеслі з першага храма, пабудаванага ў яго гонар, пакараўшы вінаватага, цудоўным чынам з’явіўся на ранейшым месцы. Яшчэ шмат чаго прыпісваецца цудоўнаму абразу.

Да сярэдзіны XVIII ст. тут існавала толькі праваслаўная царква, але з канца ХVIII ст. на праваслаўны храм прэтэндуюць каталіцкая навакольная шляхта і каталіцкае духавенства. Пры царкве захоўваўся дакумент на польскай мове, з якога было відаць, што на той час там не было каталіцкага касцёла. У тым жа дакуменце было напісана, што ў 1755 г. ад шляхты Халявы была скарга на мітрапаліта ўсяе Русі, архіепіскапа Полацкага – Фларыяна Грэбніцкага. Пісалі, што паблізу іх ёсць Крыжагорская капліца, у якой знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай, і што ў маладзіковыя тыдні заўсёды праводзілася набажэнства. Мітрапаліт жа забараніў усім ксяндзам пад вялікім пакараннем праводзіць набажэнства.

З часу стварэння ў Мінску рымска-каталіцкай епіскапскай кафедры тут ужо быў пабудаваны каталіцкі касцёл, які замяніў былую праваслаўную царкву [5, с. 93–94]. Верагодна, што гэта адбылося ў 1806 г. На месцы старажытнай святыні быў пабудаваны з бруса новы храм, франтонам на ўзыход сонца, і асвечаны пад тытулам Святога Матвея Апостала. Храм пабудавалі на шэсць вуглоў, гэта значыць, ён уяўляў сабой шасцігранны цэнтрычны аб’ём, абведзены па перыметры каланадай з 23 круглых апор, якія неслі гонтавы дах, завершаны вежачкай. Прэсбітэрый фланкіравалі дзве сакрысціі, над нартэксам знаходзіліся хоры. Скляпеністую столь у інтэр’еры падтрымлівалі восем слупоў. У галоўным алтары касцёла па-ранейшаму знаходзіўся цудатворны абраз Багародзіцы Карміцелькі. У адным з бакавых алтароў касцёла знаходзіўся абраз Укрыжавання, у другім – абраз Святога Роха. Гэты касцёл не быў самастойным, а лічыўся філіялам Мінскага рымска-каталіцкага кафедральнага касцёла.

З цягам часу стары Матвееўскі касцёл ужо не мог змясціць усіх вернікаў. І ў 1858 г. епіскап мінскі, ксёндз Вайткевіч урачыста асвяціў краевугольны камень у падмурку будучай святыні, якая будавалася на месцы старога храма. Да 1862 г. будаўніцтва было скончана.

Трэба адзначыць, што сродкі на будаўніцтва касцёла былі сабраны каталіцкім духавенствам у прыватных дабрачынцаў, якія без розніцы ў веравызнанні ў вялікай колькасці збіраліся тут для пакланення мясцоваму шанаванаму абразу Божай Маці. Ахвяраванні і сума, якая была выдаткавана на пабудову храма, дасягала амаль 16 000 рублёў срэбрам. Будаўніцтва адбывалася пад кіраўніцтвам мясцовага камітэта з суседніх памешчыкаў, прадстаўніком якога была графіня Марыя Тышкевіч, народжаная Радзівіл. Аднак у сувязі з паўстаннем 1863 г. касцёл быў зачынены і 13 лістапада 1866 г. пераасвячоны пад праваслаўную Успенскую царкву [5, с. 94–96].

Архітэктура касцёла сведчыць аб тым, што яго аўтар быў непрафесійным дойлідам: царкоўны летапіс Халяўшчынскай Успенскай царквы прыпісвае аўтарства ксяндзу Антонію Варанецкаму – настаяцелю папярэдняга драўлянага храма, які захапляўся сталярнымі работамі. Як паведамляе летапіс: “Однажды он явился к соседним помещикам с планом в руках на постройку каменной церкви, … он ещё успел подготовить почти весь строительный материал для костёла, но не был строителем самого храма. В 1856 г. …он скончался”. Быў пахаваны ў склепах касцёла.

Каб надаць храму праваслаўны характар, у 1866 г. інжынерам Трашчынскім быў распрацаваны праект яго рэканструкцыі. Над галоўным фасадам ён прапанаваў надбудаваць шатровую васьмігранную званіцу з цыбулепадобнай макаўкай, але гэта не было здзейснена.

Апісанне выгляду храма было зроблена ў дакументальнай аповесці  “Церковной летописи Халявщинской Успенской церкви Минского уезда”, пачатай у 1866 г. і скончанай у 1901 г. Прадоўжана яна ў “Описании церквей и приходов Минской епархии”.

Аўтар летапісу апісвае выгляд храма ў 1866 г.: “Церковь каменная более в готическом стиле; на переднем фасаде имеется две пирамидальные башни… по середине их несколько низший, но тоже высокий фронтон. Башни и фронтон покрыты белым английским железом, а на верху железными крестами. Внизу фронтона, между башнями, в пилястрах находятся входные двери с карнизами над ними и полукруглою аркою, а выше оной, под такою же аркою, украшенною карнизами и фресками, круглое большое окно. Два придела с правой стороны алтаря – для пономаря, с левой – для ризницы, дают церкви вид крестообразный. Церковь с приделами покрыта железом и выкрашена под красный цвет краской камас на масле”. З асаблівай увагай аўтар апісвае вокны касцёла, якія мелі даволі своеасаблівы малюнак з упісанымі ў іх вітражнымі крыжамі, набранымі з пунцовых, фіялетавых, блакітных, жоўтых, зялёных шыбін.

У 1869 г. быў устаноўлены іканастас работы мінскага мастака Ф.І. Ягорава (не захаваўся) [1, с. 70, 121]. Пра яго ўзгадваецца ў “Описании церквей и приходов Минской епархии”: “Иконостас нового устройства с пилястрами, золоченными карнизами, рамами и резьбою, покрашенный в светло-голубой цвет, состоит из 30 нового письма икон, расположенных в пять ярусов. Особенность иконостаса составляет чудотворная икона Богоматери, помещенная над царскими вратами в резной золоченной раме поддерживаемой двумя резными же и позолоченными изображениями ангелов. Икона сия устроена так, что вместе с рамою и ангелами посредством скрытого механизма опускается вниз для прикладывания к ней”.

Таксама там узгадваецца пра стан помніка і даецца падрабязнае яго апісанне на 1878 г.: “В основании и стенах церковь представляет вид продолговатого креста, с двумя глухими фронтонными готическими башнями…Окна расположены в один ряд и не снабжены железными решетками; входные двери одни; вообще по своему наружному состоянию церковь находится в совершенно прочном состоянии. Под алтарною частью находится погреб с катакомбами для поставления мертвых тел, и до времени обращения сего здания в православную церковь в них погребены: один ксендз и два лица женского пола, из фамилий соседних помещиков, но с устройством православной церкви вход в сей погреб наглухо закрыт. Внутренность церкви представляет открытое пространство без колонн...Потолок устроен сводами; пол деревянный; внутренние стены выбелены известью; к отоплению церковь не припособлена...”.

Царква мела ўсе неабходныя рэчы для набажэнстваў, а менавіта: два каштоўныя сярэбраныя напрастольныя крыжы і такі ж пацір з поўным прыборам, якія складаюць дар Бацюшкова П.Н. Таксама дзве люстры, якія замянялі панікадзіла. Люстры былі размешчаны з правага і левага бакоў. Складаліся з масіўных састаўных частак, якія былі зроблены з матавага багемскага шкла. Гэта канструкцыя была прадзета на жалезныя пруты, прымацаваныя да падлогі. Наверсе непасрэдна размяшчаліся люстры, якія складаліся з бронзавых залачоных частак, упрыгожаных хрустальнымі гранёнымі падвескамі, прыстасаваны былі на 21 свячу. Гэтыя люстры былі выпісаны з Багеміі і каштавалі па 800 рублёў кожная; яны складалі дар гэтай царкве ад графіні Тышкевіч.

Каля будынка храма знаходзіліся розныя гаспадарчыя і жылыя збудаванні, якія да нашага часу не захаваліся. Але пра іх узгадваецца ў “Описании…”: “Постройки для помещения причта состоят из дома, рабочей избы, амбара, конюшни, возовни, хлебнаго и двух скотских сараев, для священника, – и из одного дома для причетника. Холодныя строения ветхи и полуразрушены, а жилые перстроены заново в 1869 и 1870 годах, впрочем, и они уже нуждаются в капитальной ремонтировке”. У 1880 г. перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца, якія таксама не захаваліся [5, с. 94–98].

У 1930-х гадах савецкія чыноўнікі распарадзіліся закрыць храм і зрабіць з яго клуб, а затым склад. Пад час Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг. будынак храма быў значна пашкоджаны. На працягу амаль 30 гадоў у дачыненні да касцёла не было зроблена ніякіх дзеянняў па яго аднаўленні.

З 22 лютага 1972 г. пачалося будаўніцтва спартыўнага комплексу “Раўбічы”, які потым стаў алімпійскім. Аўтарамі праекта былі архітэктары В. Аладаў і С. Неўмывакін, галоўны інжынер-канструктар М. Гордзін. Сваю назву комплекс узяў ад размешчанай побач вёскі, якая, па расказах мясцовых жыхароў, раней называлася Роўбічы з-за перасечанай мясцовасці. З цягам часу назва змянілася. Тэрыторыя комплексу таксама павялічылася і зараз складае 60 гектараў.

Трэба адзначыць, што ў Раўбічах усё падпарадкавана адзінаму архітэктурнаму стылю з улікам маляўнічага рэльефу мясцовасці. Мясцовы ландшафт і рэльеф далі магчымасць для будаўніцтва комплексу міжнароднага класа. Усе архітэктурна-спартыўныя збудаванні вырашаны ў буйных дынамічных формах, маюць востраверхія кампазіцыі і ўпісваюцца ў маляўнічы ландшафт, нібы паўтараючы яго ўзгорысты рэльеф.

Як ужо адзначалася вышэй, касцёл размяшчаецца на самым бачным месцы. І таму было вырашана знішчыць руіны былога касцёла, каб яны не сапсавалі агульны выгляд комплексу. Тым больш, што былы касцёл размяшчаўся на тэрыторыі спартыўнага комплексу і ўсе дзеянні на конт гэтага былі законныя. Справа дайшла да таго, што ўжо быў адданы загад узарваць руіны. Але ў апошнія гадзіны было вырашана гэтага не рабіць.

Адміністрацыя Дзяржаўнага мастацкага музея БССР па ініцыятыве супрацоўніц музея І.М. Паньшынай і Т.І. Сцёпінай вырашыла прыстасаваць руіны касцёла пад музей. Пачаліся перагаворы са Спорткамітэтам на конт касцёла. Станоўчы вінік быў дасягнуты дзякуючы падтрымцы Пятра Міронавіча Машэрава, які даў згоду на рэстаўрацыю будынка для музея [3, с. 61]. І ўжо ў адпаведнасці з загадам міністра культуры БССР за №178 ад 7 кастрычніка 1974 г. “О реконструкции расположенного в деревне Раубичи бывшего культового здания для размещения в нём музея народного творчества” пачалася работа па аднаўленні першапачатковага выгляду касцёла.

29 студзеня 1975 г. супрацоўнікі Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрань Міністэрства культуры БССР – начальнік АРО-2 В.Г. Слюнчанка і архітэктар Л.В. Паўлава – правялі даследаванне помніка архітэктуры ХІХ ст. у в. Раўбічы.

У 1976 г. па плану натурных даследаванняў былі закладзены шурфы і зроблены зандаж сцен, што захаваліся. Рэстаўрацыйныя работы вяліся згодна праекту рэстаўрацыі. Яшчэ да завяршэння работ выйшаў загад Міністэрства культуры БССР за №97 ад 14 красавіка 1977 г. “О создании филиала Государственного художественного музея БССР”. У сувязі з увядзеннем у строй у IV квартале 1977 г. філіяла для прыёма аб’екта ў будаўнікоў, яго аховы, для арганізацыі работы філіяла, атрымання і падрыхтоўкі экспанатаў для экспанавання ў 1977 г. неабходны былі штатныя адзінкі ў колькасці 9 чалавек.

У гэты ж час міністр культуры БССР Ю.М. Міхневіч зацвердзіў “Задание на выполнение проектной документации по интерьерам и нестандартному оборудованию культового здания в Раубичах под экспозицию белорусского народного искусства”. Група архітэктараў з Беларускага дзяржаўнага інстытута па праектаванню прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання на чале з В.Н. Аладавым распрацавала праект інтэр’ера і музейнага абсталявання [4]. Тут трэба адзначыць, што гэта першы вопыт прыцягнення да рэстаўрацыйных работ арганізацыі, якая не мае да гэтага ніякага дачынення [2, с. 183–184]. “Белгіпрагандаль” сумесна з аб’яднаннем “Бабруйскдрэў” распрацавалі і зрабілі нестандартнае музейнае абсталяванне спецыяльна для музея [6, с. 158–189].

На працягу 1978–1979 гг. адбывалася папаўненне музея экспанатамі з фондаў Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, а таксама рэчамі з навуковых экспедыцый. І ўжо 12 снежня 1979 г. музей адчыніў свае дзверы перад першымі наведвальнікамі.

Літаратура:

1.     Кулагін, А.М. Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы ХІХ – ХХ ст./ А.М. Кулагін. – Мінск: Ураджай, 2000. – 304 с.: іл., с. 70, 121–122.

2.     Локотко, А.И. Архитектурное наследие Беларуси (развитие традиций, охрана и реставрация) / А.И. Локотко. – Минск: ИООО “Право и экономика”, 2004. – 304 с.: ил. (серия “Пособие архитектору”). С. 176–187.

3.     Мотрошилова, Н. Прикосновение к бесценному/ Н. Мотрошилова // Коммунист. 1981. №14. С. 56–64.

4.     Научный отчет о выполненной реставрации и исследованиях. Книга IV. – Минск: СНРПМ, 1978.

5.     Описание церквей и приходов Минской епархии. Минский уезд. – Минск, 1878. С. 92–98.

6.     Степина, Т.И. О музее белорусского народного искусства в деревне Раубичи // Всесоюзная конференция-семинар “Произведения мастеров народных художественных промыслов в музеях Советского Союза”/ Т.И. Степина. Вильнюс, 1984. С. 158–162.

Андрыевіч Т.Я.

друкуецца па матэрыялах “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, выпуск 7. Мн., “Белпрынт”, 2008, стр. 263–270

Пры выкарыстоўванні матэрыялаў спасылка на сайт і выданне АБАВЯЗКОВА

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні