Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі

Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

Мастацкі музей запрашае на выставу “Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі”, прымеркаваную да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага мастака і педагога.

Выставачны праект адкрывае гледачу магчымасць прасачыць змену мастацкага светапогляду на працягу творчага шляху аўтара. У экспазіцыю ўвайшло каля 30 жывапісных работ мастака, створаных у перыяд 1960–1980-х гг. з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, калекцыі Беларускага саюза мастакоў і збору сям’і майстра. Жанравы дыяпазон твораў ахоплівае пейзаж, партрэт, сюжэтна-тэматычную карціну. Разнастайнасць жанраў, у якіх працаваў аўтар, уключае шырокае кола тэм: ад чалавека, які стварае матэрыяльныя і духоўныя даброты да шчаслівага бесклапотнага дзяцінства і велічнай прыгажосці прыроды. Творам Аляксандра Семілетава ўласцівы і манументальнае гучанне, якое адлюстроўвае канстанту савецкай эпохі, і экспрэсіўны змест, які дэманструе ўвагу да лёсу чалавека, яго ўзаемасувязь са светам.

Найбольш шырока на выставе прадстаўлены краявіды, створаныя майстрам у позні перыяд яго творчасці, калі ён адкрыў для сябе цудоўную прыроду жыткавіцкага Палесся. Велічныя дубы, рака Прыпяць з прытокам Скрыпіцы, якая залівае вясной вялікія лугі, унікальная і разнастайная мясцовая фауна зачароўвалі мастака і прымушалі вяртацца туды зноў і зноў. Разам з сынам Барысам ён ездзіў на паляванне, аднак трапяткое стаўленне да прыроды падахвочвала мастака адкласці стрэльбу і ўзяцца за эцюднік, які заўсёды быў пры ім. Краявіды, створаныя ў майстэрні на аснове эцюдаў, прывезеных з Палесся, адрозніваюцца трансфармацыяй мастацкага погляду: у іх з’яўляюцца абагульненасць формы, каларыстычная экспрэсія, утоенае драматычнае напружанне ў спалучэнні з глыбокай сузіральнасцю.

Галоўным акцэнтам выставы сталі аўтапартрэты Барыса і Івана Семілетавых – жывы сімвал пераемнасці і сувязі пакаленняў. Сёння работы гэтых мастакоў з іх вядомым індывідуальным почыркам адзначаны прафесійнымі ўзнагародамі і вядомы далёка за межамі краіны. Вытокам жа гэтай яркай дынастыі стаў Аляксандр Фёдаравіч: яго асоба і майстэрства далі сям’і той самы галоўны імпульс, які вызначыў іх агульны жыццёвы і творчы шлях

Куратары выставы – Аляксандра Чэчат і Анастасія Мянькоўская, малодшыя навуковыя супрацоўнікі аддзела беларускага мастацтва XX–XXI ст.

Выстава працягнецца па 18 жніўня 2026 года ў галоўным корпусе, пераходнай галерэі (вул. Ленина, 20)

іншыя выставы
Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ
Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Лепшыя дыпломныя работы выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава
Лепшыя дыпломныя работы выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Спадчына Беларусі
Спадчына Беларусі

Музей беларускага народнага мастацтва

Мікалай Залозны. Палітра жыцця
Мікалай Залозны. Палітра жыцця

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь