Архітэктурная спадчына...кропкі...

Архітэктурная спадчына...кропкі...

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 13 сакавіка па 14 красавіка 2025 года Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прадставіць інклюзіўны арт-праект мастака Васіля Зянько “Архітэктурная спадчына...кропкі...”

Канцэпцыя інклюзіўнага арт-праекта “Архітэктурная спадчына... кропкі...” (2024) пабудавана на ідэі своеасаблівага адраджэння страчаных твораў манументальнага дойлідства Беларусі ў аўтарскім жывапісе Васіля Зянько.

У аснову кожнай з 10 арыгінальных тактыльных карцін былі ўзятыя, дайшоўшыя да нашага часу толькі лічбавыя выявы і апісанні культавых забудоў у розных кутках Беларусі, якія ўзводзіліся ў перыяд з 1623 па 1890 год і не захаваліся да нашых дзён.

Цэрквы і саборы, касцёлы і манастыры, цэнтры духоўнага развіцця нацыі, ужо страчаныя, але на стагоддзі велічныя, асабліва натхнілі Васіля, як мастака-манументаліста. За бачнай лёгкасцю ліній і форм на палотнах хаваецца глыбокі сэнс. Мастак захапляецца манументальнай магутнасцю аб’ектаў і адначасова сумуе аб немагчымасці бачыць гэтую моц ужывую.

Паглыбляючыся ў творы жывапісу не толькі візуальна, але і тактыльна, глядач замірае ў гэтай цудоўнай, але забытай для сучасніка запаволенасці часу, каштоўнасці эпох і пакаленняў. Далёка ў мінулае – Пінск, Глыбокае, Мінск, Магілёў, Полацк, Віцебск, Стоўбцы, Смілавічы...Аўтар не ставіць перад сабой строгую задачу, але маляўніча-тонка ўвасабляючы на палотнах архітэктурныя творы, недакучліва абвяшчае: духоўнасць і вернасць спадчыне продкаў – гэта тое, што робіць нас мацней, умацоўвае каноны чалавечнасці і традыцыі, дорыць апоры для руху наперад.

Арт-праект Васіля Зянько “Архітэктурная спадчына...кропкі...” (2024) з’яўляецца чацвёртым праектам у інклюзіўным напрамку творчасці мастака. Усе карціны выкананы ў аб’ёмна-контурнай аўтарскай тэхніцы, даступнай для чытання людзьмі з абмежаваннямі па зроку. На кожным творы шрыфтам Брайля нанесены кароткія апісанні архітэктурных аб’ектаў. А сімвалічнасць кропак гэтага шрыфта ставіць не столькі кропку, колькі сапраўднае шматкроп’е для магчымасцей пазнання нашай гісторыі і культурнай спадчыны людзьмі незалежна ад іх фізічных здольнасцей.

Наведаць выставу можна ў галоўным корпусе музея (Леніна 20, вестыбюль)

1
іншыя выставы
Чарнобыль: 40 гадоў сузірання
Чарнобыль: 40 гадоў сузірання

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Зніклае і вечнае. Георгій і Наталля Паплаўскія
Зніклае і вечнае. Георгій і Наталля Паплаўскія

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Выстава аднаго шэдэўра: “Прагулка” Марка Шагала
Выстава аднаго шэдэўра: “Прагулка” Марка Шагала

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV ст.
Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV ст.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь