Чорна-белае кіно і каляровыя мульцікі

Чорна-белае кіно і каляровыя мульцікі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

"Дзеці становяцца чытачамі на каленях сваіх бацькоў". Эмілі Бухвальд (нар. 1935), літаратурны рэдактар і выдавец

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь зноў адкрывае свае запаснікі і прадстаўляе ўвазе гледачоў выставу “Чорна-белае кіно і каляровыя мульцікі” (ілюстрацыі да кніг для вялікіх і маленькіх), якая з’яўляецца працягам выставачнага праекта 2020 года “Раз, два, три, четыре, пять – я иду тебя искать!” (ілюстрацыі да кніг для дзяцей і падлеткаў). У аснову праекта гэтага года ляглі створаныя майстрамі беларускага кніжнага мастацтва XX–XXI стагоддзяў ілюстрацыі да кніг для розных узростаў – ад малога да вялікага, ад чорна-белых выяў першай чвэрці мінулага стагоддзя, нібы кадры першых фільмаў, да яркіх каляровых карцінак пачатку стагоддзя сённяшняга, якія сталі неад’емнай часткай мастацтва мультыплікацыі. 

На гэты раз мы вырашылі не абмяжоўвацца творамі кніжнай графікі выключна з калекцыі “Беларуская арыгінальная графіка”, а паказаць шырокай публіцы багатыя фонды твораў кніжнай графікі і з калекцыі “Беларуская тыражная графіка”, прадэманстраваўшы цэлую плеяду айчынных мастакоў, якія прысвяцілі сябе мастацтву кнігі. У экспазіцыю ўвайшоў 141 твор 29 аўтараў – прызнаных і шырока вядомых у свеце беларускай кніжнай ілюстрацыі мастакоў, такіх як Беньямін Майсеевіч Басаў, Міхаіл Лявонцьевіч Бельскі, Таццяна Паўлаўна Беразенская, Анатоль Валянцінавіч Волкаў, Сяргей Анатольевіч Волкаў, Генадзь Сцяпанавіч Грак, Мікалай Васільевіч Гурло, Мікалай Цімафеевіч Гуціеў, Ісак Аронавіч Давідовіч, Барыс Абрамавіч Забораў, Юрый Канстанцінавіч Зайцаў, Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч, Яўген Сяргеевіч Кулік, Алена Георгіеўна Лось, Барыс Яўсеевіч Малкін, Георгій Георгіевіч Паплаўскі, Ніна Яўгенаўна Паслаўская, Аляксандра Ануфрыеўна Паслядовіч, Уладзімір Сцяпанавіч Пашчасцеў, Мікалай Міхайлавіч Селяшчук, Георгій Сяргеевіч Скрыпнічэнка, Валерый Пятровіч Славук, Павел Юр’евіч Татарнікаў, Валянцін Мікалаевіч Ціхановіч, Анатоль Мікалаевіч Тычына, Міхаіл Мацвеевіч Філіповіч, Вацлава Станіславаўна Флёры, Васіль Пятровіч Шаранговіч, Гары Ігнатавіч Якубені. 

Кнігі фарміруюць свядомасць чалавека, яго светаўспрыманне і светапогляд, яго эстэтычныя здольнасці і мастацкі густ. Нярэдка яны пераходзяць ад пакалення да пакалення. Афармленне кнігі – гэта асобая старонка ў творчай біяграфіі мастака, бо кніга – цэласны арганізм, у якім зліццё тэксту і адлюстравання нараджае яркі, суцэльны твор. Тэкст з’яўляецца свайго роду зашыфраваным пасланнем пісьменніка чытачу, для якога мастак стварае візуальны рад. Малюнкі, што жывуць па законах апавядання ў кнізе і вольна размешчаны на белых старонках, пераклікаюцца ў разваротах. Гэтае адзінае кампазіцыйнае рашэнне надае выданню мастацкую цэласнасць. 

Ілюстрацыя да казкі
Міхаіл Лявонцьевіч Бельскі. 1921–1988 Ілюстрацыя да казкі Аляксандра Пушкіна “Казка пра цара Салтана”. 1956 год выдання Папера, гуаш. 40х32,5 см
З ілюстрацый да буквара
Вацлава Станіславаўна Флёры. (1888–1983) Хлопчык з кнігай. З ілюстрацый да буквара. 1919 Папера, туш, пяро. 25х18 см

Дыяпазон інтарэсаў майстроў шырокі: яны ілюструюць як творы нацыянальнай літаратуры, так і працуюць над афармленнем твораў замежных аўтараў. Адны мастакі прытрымліваюцца некалі выбранага літаратурнага жанра і манеры выканання; неспакойны, шукальны характар іншых падахвочвае іх спрабаваць сябе ў ілюстраванні твораў на розныя сюжэты, яны ўвесь час знаходзяцца ў пошуку новых вобразных рашэнняў, абнаўляюць мастацкую мову, зыходзячы са зместу кнігі. На выставе можна сустрэць і беглы, поўны ўнутранай напругі малюнак, і грунтоўны аповед, прасякнуты народным гумарам; і энергічную, меладычную песню, і мудрагелістую аплікацыю на казачна-фантазійную тэму; і высакародную стрыманую гравюру, і яркі лубок, у якім лёгка знайсці асацыяцыі з народнай цацкай, вышыўкай і разьбой па дрэве. Розныя тэхнікі садзейнічаюць раскрыццю таленту мастака ў поўную сілу. Разам з акварэллю, гуашшу, алоўкам, вуглем, тэмперай графікі выкарыстоўваюць каляровыя лакі і аплікацыі, ужываюць туш, звяртаюцца да афорта, лінагравюры, літаграфіі.

Пошук новых кампазіцыйных і стылявых рашэнняў поруч з беражлівым стаўленнем да традыцый мінулага даюць магчымасць ствараць разнастайныя высокамастацкія творы, якія складаюць залаты фонд беларускай кніжнай ілюстрацыі.

Дапаўненнем выставачнага праекта з’яўляюцца 35 кніг з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і бібліятэкі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з ілюстрацыямі, прадстаўленымі на выставе.

 

 

Куратар выставы – Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст.

Работа выставы працягнецца 
да 7 жніўня 2022 года

іншыя выставы
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Расія – Беларусь. Скрыжаванне лесаў
Расія – Беларусь. Скрыжаванне лесаў

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30