Гэта сумесны праект Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Акадэміі фатаграфіі BFA, інвестыцыйнай кампаніі «Айгеніс» і друкарскага цэнтра «КАРАНДАШ».
На выставе будуць прадстаўлены работы фіналістаў конкурсу, адабраныя членамі журы з больш як 200 заявак. Эксперты ацэньвалі не толькі тэхнічнае майстэрства, але і глыбіню аўтарскай задумы. Кожная фатаграфія – свайго кшталту “капсула часу”. Яна захоўвае не толькі твары, месцы і падзеі, але і настрой эпохі, яе каштоўнасці, страхі, надзеі і мары. Што з сённяшняга дня заслугоўвае быць захаваным для будучыні, якія гісторыі, пачуцці, прадметы, месцы або людзі? Што б мы самі хацелі даведацца пра тых, хто жыў да нас? Што з мінулага працягвае жыць унутры нас сёння? У гэтым сезоне ўдзельнікам прапанавалі стварыць або адкрыць уласную капсулу часу – асабістую, сямейную, дакументальную.
Выстава працягнецца з 18.09.2026 па 12.10.2026.