Леанід Шчамялёў. Да 100-годдзя з дня нараджэння

Леанід Шчамялёў. Да 100-годдзя з дня нараджэння

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

9 лютага 2023 года а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта “Леанід Шчамялёў. Да 100-годдзя з дня нараджэння”.

Леанід Шчамялёў (1923–2021) – фігура легендарная для беларускага і савецкага мастацтва. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977), народны мастак Беларусі (1983), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982), прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2009) – у гісторыі нашай выяўленчай культуры другой паловы ХХ стагоддзя і першых двух дзесяцігоддзяў ХХІ ён адыграў асаблівую ролю.

Прайшоўшы суровую школу жыцця, быўшы ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў, як ніхто іншы, змог стварыць вытанчаную і разам з тым лірычную паэму пра жыццё чалавека ва ўсёй яго складанасці: аб “…сучаснасці і гісторыі краіны, каханні і суму, радасці чалавечай і надзеі, аб прыгажосці зямлі і настальгічных успамінах маладосці”, – як адзначыў вядомы беларускі мастацтвазнаўца, найбуйнейшы даследчык творчасці мастака Барыс Аляксеевіч Крэпак.

Мастак тварыў практычна ва ўсіх жанрах жывапісу: ад фігуратыўнай карціны да нацюрморта, ад лірычнага і эпічнага пейзажаў да кампазіцыйнага партрэта, шмат працаваў у графіцы.

У фокусе ўвагі цяперашняй юбілейнай выставы-рэтраспектывы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будуць творы майстра, сабраныя з дзяржаўных і прыватных калекцый, якія адлюстроўваюць асноўныя этапы і галоўныя напрамкі мастацкіх пошукаў мастака ў шырокім часавым дыяпазоне. Экспазіцыя прадставіць увесь шлях Шчамялёва-жывапісца: ад дыпломнай работы да твораў апошніх гадоў, ад буйнафарматных праграмных работ да эцюдаў і невялікіх замалёвак.

Творы Л. Д. Шчамялёва знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска, многіх абласных і раённых музеяў Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (г. Масква), у фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Беларускага саюза мастакоў і прыватных зборах.

Работа выставы працягнецца 
да 9 мая 2023 года

іншыя выставы
Дух і прыгажосць керамікі раўнін Чжун’юань: выстава мастацтва правінцыі Хэнань
Дух і прыгажосць керамікі раўнін Чжун’юань: выстава мастацтва правінцыі Хэнань

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака
Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Гармонія свету неглюбскіх ткачых
Гармонія свету неглюбскіх ткачых

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава адной карціны. Міхаіл Васільевіч Несцераў «Ганец»
Выстава адной карціны. Міхаіл Васільевіч Несцераў «Ганец»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі