Мастацкі музей запрашае на чарговую лекцыю ў межах праекта «Арт-лекторый “Роднага слова”» – сумеснай ініцыятывы навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Героем лекцыі стане беларускі мастак Міхаіл Лісоўскі, чыё 95-годдзе адзначаецца сёлета. Ён увайшоў у гісторыю айчыннага мастацтва як таленавіты майстар сяброўскіх шаржаў, якія называюць культурнай хронікай 1960-х гг. Між тым яго жывапісныя працы не менш цікавыя, асабліва партрэты.
Пра гісторыю стварэння аднаго з іх – “Партрэта настаўніцы”, а таксама пра жыццёвы і творчы шлях мастака пойдзе гаворка на лекцыі, якую прачытае мастацтвазнаўца Таццяна Карэліна – дачка М. Лісоўскага і аўтар публікацыі, прымеркаванай да юбілею творцы, у лютаўскім нумары “Роднага слова”.
У межах мерапрыемстваў, прысвечаных Году беларускай жанчыны, традыцыйны фармат лекцыі пашырыцца экспанаваннем жывапіснага твора М. Лісоўскага “Партрэт настаўніцы”, а таксама некалькіх аўтарскіх шаржаў мастака, якія на адзін вечар будуць прадстаўлены публіцы.
- 26 сакавіка (чацвер)
- а 18-й гадзіне
- галоўны корпус (Леніна, 20), трэцяя зала беларускага мастацтва XX–XXI ст.
- уваход па білеце ў музей