У экспазіцыі прадстаўлена больш за 70 жывапісных работ, створаных мастаком з канца 1960-х гадоў і па сённяшні дзень, а таксама 12 лістоў арыгінальнай графікі 1980-х гадоў. У іх адлюстраваны асноўныя тэмы творчасці, над якімі Мацвей Басаў пастаянна разважае, ставіць пытанні і шукае на іх адказы: біблейскія сюжэты, беларускія мястэчкі, Халакост, любоў, а таксама нацюрморт і пейзаж, якія з’яўляюцца шырокім полем для творчых эксперыментаў мастака.
Майстар валодае лёгка пазнавальным аўтарскім почыркам. Свой творчы метад ён называе “жывапісам-мігаценнем”. З 1981 года па цяперашні час Мацвей Басаў прыняў удзел больш як у 150 рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставах. Рэалізаваў больш за 50 персанальных праектаў у Беларусі і за мяжой. У сценах музея гэта ўжо трэці па ліку персанальны праект Мацвея Басава (папярэдния – 2010, 2015).
Мацвей Ізраілевіч Басаў
Нарадзіўся 14 чэрвеня 1950 года ў Мінску (БССР).
З 1956 да 1963 г. наведваў знакамітую дзіцячую студыю пад кіраўніцтвам легендарнага мастака, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага настаўніка БССР С.П. Каткова (1911–1976) у Мінскім палацы піянераў і школьнікаў (цяпер – Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі).
У 1964 г. узнагароджаны бронзавым медалём на Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка ў Італіі.
З 1963 па 1967 гг. навучаўся ў дзіцячай мастацкай школе №1 г. Мінска (цяпер – Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў №1 імя В.К. Цвіркі г. Мінска).
З 1967 па 1971 гг. вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (цяпер – Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава) у цудоўнага педагога, таленавітага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР А.А. Малішэўскага (1921–1989).
З 1988 г. – член Беларускага саюза мастакоў.
З 1981 г. па сённяшні дзень прыняў удзел больш як у 150 рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставах у Беларусі і за мяжой.
З’яўляецца членам творчага аб’яднання “Арцель” (Мінск), Міжнароднай арганізацыі мастакоў і фатографаў “Мастацтва натхнення” (Нью-Ёрк), “Гільдыі мастакоў” (Нью-Ёрк).
З 1993 г. па цяперашні час зрабіў больш за 50 персанальных праектаў, у тым ліку ў Беларусі, ЗША, Канадзе, Расіі.
Творы знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Zimmerly Art Museum у Нью-Брунсвіке (ЗША), Музея іудаікі ў Нью-Ёрку (ЗША), Музея сучаснага рускага мастацтва Джэрсі-Сіці (ЗША), мастацкіх галерэй і прыватных калекцый Аўстраліі, Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Германіі, ЗША (калекцыі Рычарда Ротшыльда, Джорджа Лібермана), Ізраіля, Іспаніі, Эстоніі і інш.
Куратар выставы: вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI ст. Наталля Сяліцкая; сакуратар: малодшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI ст. Аляксандра Чэчат