Музей, як і горад, – вельмі разнастайны, але суцэльны арганізм. Гэта месца сустрэчы звычайнага і непаўторнага, старога і новага, рэальнага і фантастычнага. Тут бесперапынна адбываюцца дыялогі паміж грамадствам і мастацтвам, у якіх нараджаюцца новыя сэнсы і адбываецца пазнанне рэчаіснасці. Мастацтва не толькі адлюстроўвае рэальнасць, але і стварае асаблівы мастацкі свет, у якім чалавек напаўняецца новымі думкамі, эмоцыямі, ведамі.
У залах музея вас чакаюць шэдэўры мастацтва розных краін і эпох, асаблівая каларыстыка і непаўторныя сюжэты ўнікальных аўтараў. Якімі б непадобнымі былі творы, кожны з іх настройвае на дыялог з гледачом. Мастак закладвае ў сваё тварэнне асаблівае пасланне, распазнаць якое – задача наведвальніка музея. Працэс такога дыялогу блізкі творчасці, бо варыянтаў расшыфроўкі сэнсу творцы бясконцае мноства.
У сценах Мастацкага кожны можа выбраць дыялог, удзельнікам якога ён стане. У актыўным узаемадзеянні сустрэнуцца мінулае і будучыня, Захад і Усход, мастакі і музыканты, лектары і блогеры, звыклае і тое, што шакіруе.
Галоўнай падзеяй стане выстава-інтэрвенцыя маладых скульптараў у прасторы музея. Размясціўшы аб’екты па залах і змяшаўшы іх з пастаяннымі экспанатамі, надзяляючы ўжо знаёмыя творы новымі сэнсамі, куратары прапануюць гледачу паразважаць пра трансфармацыю ўспрымання мастацтва.
Праграма
16.00–24.00
• Выстава-інтэрвенцыя маладых беларускіх скульптараў (Марыя Тарлецкая, Хрысціна Высоцкая, Аляксей Урублеўскі, Арцём Мядзведзеў, Мікалай Бялько, Вадзім Бандарэц). Неардынарныя прадметы мастацтва апынуцца ў звыклых музейных залах, надзяляючы ўжо знаёмыя творы новымі сэнсамі. Так, куратары заклікаюць гледача паразважаць пра трансфармацыю ўспрымання мастацтва.
• Студыя “Мемфіс” сканструявала незвычайную фотазону, якая дакладна стане выдатнай падставай, каб зрабіць здымак.
• Атмасферны відэарад наглядна пакажа кантраст паміж тым, як жылі ў пасляваенным Мінску і як мы адчуваем яго сёння.
16.00–24.00
Пачаткам акцыі стане адкрыццё прасторы для наведвальнікаў з парушэннямі зроку, падрыхтаванае сумесна з праектам Belonica Art. Мы прадставім 8 тактыльных твораў з рознай тэкстурай фарбы, аб’ёмнымі і тэкстыльнымі элементамі. Шляхам вывучэння карцін рукамі невідушчаму чалавеку можна будзе пазнаёміцца з колерам. Гэты вопыт дасць магчымасць задумацца над тым, якім можа быць тое ці іншае адценне фарбы, як яно адчуваецца і якую эмоцыю ў сабе нясе.
17.00
Музычная праграма “Музыка народаў свету” ад Мінскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава стане міжкультурным падарожжам у музейнай прасторы.
18.00 і 20.00
Падчас дэманстрацыі традыцыйнай чайнай цырымоніі мы даведаемся, што чаяванне – гэта таксама мастацтва. Зразумеем, які лепш выбраць посуд і адзенне, якія сімвалы і атрыбуты суправаджаюць працэс, раскрыем іншыя тонкасці ўсходняга таемства.
18.00
Зборная экскурсія Юліі Мішаковай “Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі” 12+ *
19.00
Зборная экскурсія Арцёма Лапіцкага “Пасляваенны Мінск Льва Лейтмана” *
19.00
Лекцыя “Беларускі візуальны стыль. Падыход да выяўленчага мастацтва, дызайну і фатаграфіі” ад Касі Palasatka, аўтара выдання The Belarus Book.
20.00
Зборная экскурсія Кацярыны Ізафатавай “ХХ стагоддзе беларускага мастацтва” *
21.00
Паказ калекцый малыдых дызайнераў Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” – “Падарожжа ў Fashion” з удзелам FashionStyleModels by Igor Ivanov Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
21.30
Зборная экскурсія Дзмітрыя Салодкага “Глядач як сааўтар твора” *
Запрашаем самім выбраць дыялог для ўдзелу, бо выбар тэмы, якая “адгукнулася”, заўсёды прывядзе да разумення. Чакаем новых адкрыццяў з вамі!
* Кошт наведвання акцыі ў рамках зборнай экскурсіі – 10 руб. Умова наведвання – рэгістрацыя па тэл. +375 17 397 01 63. Астатнiя мерапрыемствы акцыі можна наведаць па бiлеце ў музей.