Людміла Міхайлаўна Мягкова – адзін з найярчэйшых мастакоў у гісторыі беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя. Выпускніца Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя В.І. Мухінай, яна звязала ўсё сваё творчае жыццё з Беларуссю. У 1959 г. Людміла Мягкова па запыце Упраўлення шкляной і хімічнай прамысловасці Савета народнай гаспадаркі БССР была накіравана на шклозавод “Нёман” (г. Бярозаўка, Лідскі раён, Гродзенская вобласць). У гэты час у складзе беларускіх заводаў арганізоўваліся эксперыментальна-мастацкія аддзелы. У такім аддзеле Людміла Міхайлаўна больш за 40 гадоў прапрацавала мастаком на шклозаводзе “Нёман”, з іх больш за 20 – займала пасаду галоўнага мастака завода.
На выставе прадстаўлены экспанаты з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыю складаюць як аўтарскія ўзоры вырабаў для масавай вытворчасці, так і ўнікальныя выставачныя творы Людмілы Мягковай, выкананыя ў 1960–1990-х гадах на шклозаводзе “Нёман”. Кожная праца мастачкі – своеасаблівае даследаванне шкла, магчымасцяў матэрыялу. Людміла Міхайлаўна знайшла тонкі баланс паміж утылітарнай і дэкаратыўнай функцыямі шкла. Нават яе наборы масавай вытворчасці, прадметы ўжытку, дзякуючы творчаму падыходу, здабываюць гучанне твора мастацтва.
*
Людміла Міхайлаўна Мягкова (1929 – 2022)
26 красавіка 1929 г. нарадзілася ў Ленінградзе, СССР.
1953–1959 гг. – вучоба ў Ленінградскім вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы імя В.І. Мухінай па спецыяльнасці “Кераміка і мастацкая апрацоўка шкла” (выкладчыкі: Б.А. Смірноў, К.М. Мітрафанаў).
У 1959 г. атрымала размеркаванне на шклозавод “Нёман” (г. Бярозаўка, Лідскі раён, Гродзенская вобласць, БССР).
1964 г. – член Саюза мастакоў БССР.
1973–1993 гг. – галоўны мастак шклозавода “Нёман”.
1977 г. – прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.
З 1961 г. з’яўлялася актыўным удзельнікам рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаў і конкурсаў.
Памерла 22 лютага 2022 года.
Творы знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, музея шклозавода “Нёман”, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Лідскага гісторыка-мастацкага музея, Дзяржаўнага рускага музея (Расійская Федэрацыя), Дзяржаўнага палацава-паркавага музея-запаведніка “Астанкіна і Кускава” (Расійская Федэрацыя), Дзяржаўнага гісторыка-архіўнага, мастацкага і ландшафтнага музея-запаведніка “Царыцына” (Расійская Федэрацыя), Омскага абласнога музея выяўленчых мастацтваў імя М.А. Урубеля (Расійская Федэрацыя), а таксама ў прыватных зборах.
*
Узнагароды
Залаты медаль ВДНГ СССР (1965)
Сярэбраны медаль ВДНГ СССР (1961, 1972, 1973, 1985)
Бронзавы медаль ВДНГ СССР (1965, 1971)
Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнай Рады БССР (1975)
Медаль “За выдатную працу” (1981)
Ганаровая грамата Савета міністраў СССР (1988)
Сярэбраны медаль Акадэміі мастацтваў СССР (1990)
Ганаровы знак Беларускага саюза мастакоў (2001)
Выстава прадоўжыцца да 8 чэрвеня 2025 года.
Куратары выставы: навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Марыя Шугалей, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ ст. Юлія Загорская; сакуратар: вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ ст. Наталля Сяліцкая.