Зміцер Сурыновіч – мастак шматгранных талентаў. Ён і жывапісец, і графік, і мастак-аніматар. Аднак акварэль займае ў яго творчасці асаблівае месца. Акварэльны жывапіс Сурыновіча – гэта своеасаблівая “высокая паэзія”, у якой спалучаюцца сакавіты насычаны колер і вытанчаная лінія, філасафічнасць і іронія, гіперрэалізм і абстракцыя.
Экспазіцыя прадстаўляе мастацкі зрэз творчасці аднаго з самых вядомых і віртуозных майстроў беларускай акварэлі. Увазе гледача будзе прадстаўлена каля 80 акварэлей, створаных Змітром Сурыновічам з пачатку 1990-х па 2017 гг. – сюжэтныя і абстрактныя кампазіцыі, эцюды, рэалістычныя пейзажы, эскізы-замалёўкі, зробленыя падчас турыстычных паходаў і выкананыя ў розных тэхніках, раскадроўкі да анімацыйнага фільма “Мюнхгаўзен у Расіі” (2006), якія раскрыюцьгледачу самыя разнастайныя аспекты творчасці мастака.
Зміцер Міхайлавіч Сурыновіч нарадзіўся 31 ліпеня 1953 года ў в. Вішанька Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Займаўся ў мастацкай студыі Яўгена Красоўскага, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1975–1980). СябраБеларускага саюза кінематаграфістаў з 1997 года і Беларускага саюза мастакоў з 1998 года. Удзельнічае ў выставах з 1979 года. Удзельнік шэрага нацыянальных і міжнародных выставачных праектаў. Адзначаны дыпломам 1-й ступені на Міжнародным біенале сучаснага жывапісу “Colorfest” (2008).
З 1987 года Сурыновіч працуе ў анімацыі. Ён – мастак-пастаноўшчык шэрага фільмаў, сярод якіх “Прасветленая ноч” (1988), “Меч” (1989), “Не забі! Шостая запаведзь Майсея” (1990), “Сын чалавечы” (1995), “Чароўная жалейка” (1998; спецыяльны прыз V Агульнарасійскага фестывалю анімацыі ў Тарусе), “Легенда пра лэдзі Гадзіву” (2004), “Сяргей Пракоф’еў” (2011; прыз за найлепшае выяўленчае рашэнне XVI Адкрытага расійскага фестывалю анімацыйнага кіно), “Шапэн” (2015; прыз XI Міжнароднага кінафестывалю ў Варне).
Работа часовай экспазіцыі працягнецца да 8 лістапада 2026 года.