Алег Прусаў "Надпіс на адвароце"

Алег Прусаў  "Надпіс на адвароце"

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 5 лютага 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачне працаваць рэтраспектыўная выстава твораў жывапісу, графікі Алега Прусава “Надпіс на адвароце”. На выставе будуць прадстаўлены каля 100 твораў мастака з калекцыі сям’і Прусавых, прыватнага збору А. Сідарэнка і Музея Марка Шагала ў Віцебску.

У гісторыі віцебскага мастацтва канца ХХ стагоддзя, мабыць, немагчыма знайсці больш суцэльную і яркую постаць мастака, светаўспрыманне якога так выразна і паэтычна шматпланава раскрылася б адразу ў некалькіх відах мастацтва – у жывапісе, графіцы, паэзіі і прозе. Але гэтага мастака ведаюць, на жаль, далёка не ўсе даследчыкі мастацтва гэтага часу, хоць імя А. Прусава і выставы яго твораў (сумесна з В. Ласьмінскім) у складзе групы “Убікус” у канцы 1980-х – сярэдзіне 1990-х літаральна ўзарвалі зусім не інертную ў тыя гады мастацкую прастору Віцебска.

Алег Прусаў (13.06.1970–11.09.1996) скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава (1990), вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1990–1993). Разам з В. Ласьмінскім арганізаваў групу  “Убікус”. Назва паходзіць ад біялагічнага тэрміна ubique – “паўсюль”, “усюды”). Гэта віды раслін і жывёл з шырокай экалагічнай амплітудай, якія здольныя нармальна развівацца ў разнастайных умовах навакольнага асяроддзя (“якія выжываюць у любых умовах”).

Пры жыцці А. Прусава творчым саюзам “Убікус” за няпоўныя 6 гадоў было праведзена 13 выстаў у Мінску, Полацку, Віцебску, Наваполацку, Маскве, у г. Дордрэхце (Галандыя).

За сваё нядоўгае жыццё Алег Прусаў стварыў каля 200 жывапісных і графічных работ, былі выдадзены два зборнікі вершаў. У 1991 годзе А. Прусаў стаў лаўрэатам выставы-конкурсу “Праца года” (Віцебск), а ў наступным, 1992 годзе, – дыпламантам конкурсу “Лепшая праца года – 91” (Дзяржаўная Траццякоўская галерэя, Масква). Яго імя ўключана ў 18-томную Беларускую энцыклапедыю, а таксама энцыклапедыю “Рэгіёны Беларусі” ў 7 тамах. Жыццю і творчасці Алега Прусава прысвечаны больш за 30 артыкулаў і нарысаў у газетах, часопісах, кнігах, выдадзеных у Беларусі, Расіі, Украіне. Пра яго зняты шэраг тэлевізійных перадач. У Віцебску на вуліцы Чайкоўскага, у Цэнтры рамёстваў і мастацтваў “Дзвіна” стаіць створаная мастаком і скульптарам Сяргеем Сотнікавым манументальна-дэкаратыўная скульптура “Анёл”, прысвечаная Алегу Прусаву.

Нягледзячы на слепату, што прагрэсіравала, мастак працягваў працаваць да апошніх дзён свайго жыцця.

Работы Прусава знаходзяцца ў прыватных калекцыях, галерэях і музеях Беларусі, Расіі, Даніі, Швецыі, Германіі, Галандыі. Большая частка работ захоўваецца ў сям’і Прусавых.

На выставе ў храналагічным парадку будуць прадстаўлены каля 100 твораў мастака, якія ілюструюць паэтапнае развіццё яго творчасці. Экспазіцыя таксама ўключае літаратурную і архіўную часткі.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30