Аляксандр Васільевіч Канавалаў "Маргіналіі, або нататкі на палях"

Аляксандр Васільевіч Канавалаў "Маргіналіі, або нататкі на палях"

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

23 жніўня 2018 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы мастака з Полацка Аляксандра Васільевіча Канавалава (нар. 1948) “Маргіналіі, або нататкі на палях”, прымеркаванай да 70-годдзя з дня нараджэння.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за 40 твораў жывапісу і графікі з калекцыі аўтара, створаных ім за апошнія 20 гадоў. Кароткаметражны фільм “Майстар-клас ад аўтара”, які будзе прадэманстраваны, раскажа пра займальны працэс ператварэння “чыстага ліста” ў закончаны твор.

Яркі, дынамічны майстар з’яўляецца асобай складанай і шматграннай, адчувальнай і ўзнёслай. У сваім імкненні пазнаць і адлюстраваць свет ён, як дэміург, таленавіты чалавек і мастак, які ўжо даўно знайшоў сябе, рэдка бывае задаволены вынікамі ўласнай творчай працы. Назва юбілейнай выставы раскрывае спецыфіку творчасці мастака апошніх дзесяцігоддзяў. Тэрмін “маргіналіі” (у перакладзе з латыні – “які знаходзіцца на краі”) абазначае малюнкі і запісы на палях кніг, рукапісаў, лістоў, што ўтрымліваюць каментарыі, тлумачэнні, меркаванні адносна фрагментаў тэксту ці думкі. У гісторыі беларускага мастацтва Аляксандр Канавалаў пакідае свае мастакоўскія “нататкі”, якія выбіваюцца з агульнага рэчышча.

Мастацтва Аляксандра Канавалава ўяўляе сабой цікавую, далікатную і вытанчаную форму асэнсавання рэчаіснасці, напоўненую пазачасавымі каштоўнасцямі. Ён стварае свой эмацыянальны “тэатр” формы, вобразаў і колеру, якія выходзяць за межы штодзённасці. Мастацкая структура яго твораў, выкананых на паперы і палатне з выкарыстаннем розных фактурных матэрыялаў – сеткі, фольгі, нітак, этыкетак – нараўне з жывапіснымі каляровымі плямамі, выкананымі алеем, акрылам, гуашшу, выяўляе ўзаемасувязь сацыяльнай і духоўнай сферы, вядзе да ўсведамлення творцам свайго “я”.

Нягледзячы на тое, што светапогляд мастака фарміраваўся ў савецкі час, у эпоху сацрэалізму, значны ўплыў на яго мастакоўскае бачанне аказалі ідэі экзістэнцыялізму. Аляксандр Канавалаў – мастак з асаблівым душэўна-эмацыянальным, абвострана-асобасным пачаткам, ён “вылівае” на палатно эмоцыі, “дзеліцца” перажываннямі і сваім самаадчуваннем.

У сваёй творчасці мастак рухаецца да карціны, якая не столькі “адлюстроўвае”, малюючы знешняе, колькі выказвае ўнутранае. Ён адзначае для сябе, што “мастацтва гэта не проста гульня, гэта тое няўлоўнае падсвядомае, спазнаўшы якое і даверыўшыся яму, можна наблізіцца да ілюзорнай сутнасці светабудовы”. Метад калажу/мантажу, які выкарыстоўваецца ў якасці галоўнага прынцыпу формаўтварэння, пры ўсім сваім пастаянстве вельмі варыятыўны, і мастак па-майстэрску і свабодна пераадольвае магчымыя моманты аднастайнасці. Аляксандр Канавалаў выступае ў розных амплуа: як архітэктар, як каларыст, як рэжысёр. У яго жывапісных палотнах і графічных аркушах выяўляецца прыцягальная сіла, якая прымушае ўглядацца ў гэтыя складаназлучаныя кампазіцыі, напоўненыя колерам, лініямі і гульнёй фактур. Яго жывапісна-рэчавыя калажы з’яўляюцца фрагментамі рэальнага свету, нясуць тактыльную інфармацыю. Мастак шукае іншы, звышпачуццёвы ўзровень ўспрымання, у якім інтуітыўна, магчыма, і раскрываецца “быццё ў сваёй сапраўднасці ў пазачасавым кантынууме”.

Разважаючы пра адзінства духоўнага і зямнога, якое збліжае людзей у розных прасторах свету, Аляксандр Канавалаў звяртаецца да ўніверсальных для ўсіх людзей знакаў, сімвалаў, пачуццяў. Менавіта дзякуючы ім становяцца магчымымі сувязь і зносіны паміж людзьмі розных культур. А знак – гэта не толькі вядомы сілуэт, але і колер, фактура, пах, гук...

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30