"Барыс і Іван Казаковы: постскрыптум"

"Барыс і Іван Казаковы: постскрыптум"

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

Выстава “Барыс і Іван Казаковы: постскрыптум”, якая пачне працаваць з 22 красавіка, прымеркавана да 85-годдзя Барыса Іванавіча Казакова (1937—2008), жывапісца і графіка, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Экспазіцыя ўключае каля 50 твораў са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Беларускага саюза мастакоў.

На выставе будуць дэманстравацца не толькі закончаныя палотны, але і эцюды, накіды, якія ў большасці сваёй не экспанаваліся раней. У такім фармаце выстава змагла адбыцца дзякуючы дарунку, які паступіў у музей у 2018 годзе ад Ірыны Габасаўны Рашкевіч, швагеркі мастака, якая стала адзінай спадкаемніцай сям’і Казаковых. Яна павялічыла музейную калекцыю на дзясяткі твораў Барыса Казакова і “стварыла” невялікі збор прац яго сына Івана (1975—2003), што дало магчымасць паказаць на гэтай выставе творчасць абодвух – сталага, цэльнага майстра і маладога мастака, якому не было наканавана знайсці у поўным аб’ёме творчае аблічча.

Прадстаўленыя на выставе работы Барыса Казакова створаны ў 1959–2007-х гадах, у асноўным жа – у 1970–1990-я. Мастак быў і застаўся адным з самых значных майстроў свайго пакалення ў беларускім мастацтве. Гэта вызначалася як змястоўным, так і фармальным бакамі яго творчасці. Барыс Іванавіч умеў сярод традыцыйных для савецкага і постсавецкага мастацтва тэм, сюжэтаў і вобразаў знайсці нязвыклыя ракурсы, спосабы падачы, сэнсавую і эмацыянальную вастрыню. Мастак, які думае і шукае, сузіральны і сур’ёзны, які імкнецца да праўды і высокай праўды, які спадзяецца сказаць сваё слова ў мастацтве і слова важкае, значнае, – такім быў гэты майстар.

У 1970-я гады прыкметна пашырылася кола традыцый у мастацтве, да якіх звярталіся мастакі ў пошуках творчых аднадумцаў. Барысу Казакову блізкімі сталі майстры Паўночнага Адраджэння, амерыканскі мастак Эндру Уает. Аб’ядноўвае гэтых жывапісцаў імкненне і ўменне паказаць прыгажосць і паэзію свету без яго ідэалізацыі, убачыць у штодзённым сутнаснае, высокае. І форму Барыс Казакоў знаходзіў для адлюстравання паўсядзённага і някідкага дастаткова эфектную – кантрасты святла і ценю, колеравую насычанасць і дэкаратыўна-сімвалічнае гучанне колеру. Акрамя таго, сама тэхніка накладання фарбы, апрацоўкі жывапіснай паверхні свядома і старанна распрацоўвалася мастаком і была названа ім “стэрэажывапісам”. У выніку яго карціны ўяўляюць сабой не толькі вобразнае цэлае, але і свайго роду рэч, старанна аздобленую, завершаную ва ўсіх складніках. Часам паверхня яго карцін нагадвае зернь, часам чаканку, што стварае акрамя фактурна-выразных эфектаў дадатковыя святлоколеравыя. (“Добрая карціна як горад, які нельга пабудаваць адразу, але чым далей і больш уважліва яна ствараецца, тым яна больш змястоўная”).

Вобразная пабудова палотнаў, сродкі выразнасці, выбар тэм і сюжэтаў сведчаць, што Барыс Іванавіч Казакоў быў пераважна мастаком драмы і трагедыі. Гэта, відавочна, звязана не толькі з яго светапоглядам (“Матэрыялізацыя і арэчаўленне маёй душы – мае працы”), але і апасродкавана з яго дзейнасцю сцэнографа, з якой пачыналася яго творчае жыццё. У працах мастака злучаюцца любаванне, зачараванне прыгажосцю свету і разуменне неад’емнай драматычнасці, трагедыйнасці гэтага жыцця, што робіць іх неадназначнымі, шматпланавымі, больш глыбокімі. Шэрагу твораў Барыса Казакова ўласціва асаблівая музычнасць, якая выклікае ў памяці некаторыя сугуччы Баха.

Прадстаўленыя на выставе эцюды і карціны, як “карані і крона” – фіксацыя жыццёвых уражанняў, настрояў праз візуальныя вобразы і шматпланавыя, прадуманыя, старанна апрацаваныя творы “для публікі, як правіла, непатрабавальная, але дакладная. Эцюды, што экспануюцца, ствараліся на працягу паўстагоддзя і захавалі непасрэднасць і дыяпазон пачуццяў мастака, яго жывую, адвечную цікавасць да таго ці іншага матыву.

Куратар выставы – Вайцэхоўская Валянціна Уладзіміраўна , вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ-ХХІ стст.

Работа выставы працягнецца 
да 19 чэрвеня 2022 года

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • 223054, Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні