Беларуская ваза

Беларуская ваза

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

З 24 снежня 2025 года ў 3-й зале выставачнага корпуса Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 24) пачне працу выстава “Беларуская ваза”.

Выставачны праект “Беларуская ваза” дэманструе разнастайнасць форм і роспісаў ваз, выпушчаных Мінскім фарфоравым заводам за ўсю гісторыю яго існавання (1951–2009) і створаных такімі аўтарамі, як Багданаў Леанід Якаўлевіч, Кірыленка Валянцін Антонавіч, Леантовіч Валерый Аляксеевіч, Літвіненка Ганна Васільеўна, Міхалап Мікалай Пракопавіч, Прохараў Іван Аляксандравіч, Фядусь Аляксей Якаўлевіч і інш.

Сярэдзіна ХХ стагоддзя – час зараджэння беларускага мастацкага фарфору і фаянсу. Значную ролю ў гэтым адыграў Мікалай Міхалап – мастак-кераміст, першы дырэктар Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, які 3 верасня 1945 года ўзначаліў сектар мастацкай прамысловасці Упраўлення па справах архітэктуры пры СНК БССР. Мінскі фарфоравы завод быў адным з новых прадпрыемстваў, створаных у савецкай краіне ў сярэдзіне XX стагоддзя для выпуску масавага фарфоравага посуду. У перыяд асваення фарфора-фаянсавай вытворчасці Мікалай Міхалап быў адзіным прафесійным кансультантам завода. Майстры завода пачалі асвойваць спецыфіку новых матэрыялаў і імкнуліся стварыць уласны ўнікальны стыль.  

Дэкаратыўныя вазы сталі традыцыйным відам твораў Мінскага фарфоравага завода. У кераміцы і фарфоры другой паловы ХХ стагоддзя ваза паўстае як каштоўны пластычны твор, дзе ключавую ролю адыгрываюць сілуэт, контур, форма і каларыт.

Творы Мінскага фарфоравага завода атрымалі прызнанне не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Яны рэгулярна прадстаўляліся на міжнародных выставах, дзе неаднаразова ўдастойваліся ўзнагарод. Сёння вырабы завода набылі асаблівую каштоўнасць, бо ў 2009 годзе прадпрыемства было закрыта. Цяпер аўтарскі фарфор Мінскага фарфоравага завода – сапраўдная рэдкасць.

іншыя выставы
Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі
Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ
Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Лепшыя дыпломныя работы выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава
Лепшыя дыпломныя работы выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Спадчына Беларусі
Спадчына Беларусі

Музей беларускага народнага мастацтва