“Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца”

“Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца”

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

Вячаслаў Паўлавец – адзін з выбітных акварэлістаў Беларусі мяжы ХХ–ХХI стагоддзяў – у 2019 годзе адзначыў сваё 60-годдзе.

Некаторыя з яго твораў ужо даўно сталі класікай беларускага мастацтва ХХ стагоддзя і ўвайшлі ў многія альбомы, прыватныя калекцыі і пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У фондах музея захоўваюцца 18 лепшых твораў мастака розных гадоў. Гэта другая персанальная выстава майстра, першая – “Перакрыжаванні часу” – адбылася 13 гадоў назад, у 2006 годзе.

12 выбраных акварэлей апошніх гадоў (усе яны – уласнасць мастака), з якіх складаецца экспазіцыя выставы, прадстаўлены ў нязвыклай нетрадыцыйнай манеры афармлення графічных твораў – без шкла. Творы ў гэтым выпадку безабаронныя, адкрытыя. Паміж мастаком і гледачом не існуе перашкод. “Гэтага не стае ў зносінах людзей са светам, з грамадствам. Праз шкло манітора, смартфона, тэлевізара ў мозг чалавека трапляе безліч фактаў, інфармацыі. Пачуцці чалавека мяняюцца на муляжы, сімулякры, фантомы і эмоцыі. Але адкрытасць, шчырасць, безабароннасць – гэта не слабасць, а моц, якая разам з інтуіцыяй высвечвае шлях да існасці”, – лічыць мастак.

Паўлавец – выхаванец Беларускай акадэміі мастацтваў – верны прыхільнік акварэлі, які дакладна адчувае асаблівую філасофію матэрыялу. Ад абсалютнай адданасці натуры першых гадоў самастойнай работы мастак сышоў у прынцыповую імправізацыйнасць, працу па памяці. Акварэлі Вячаслава Паўлаўца – праекцыя яго эмоцый на ліст паперы, амаль медытацыя. Яго безумоўныя шэдэўры – манахромныя мінімалісцкія краявіды, у якіх ён апеў і ўзвысіў да паэтычнай метафары беларускі бяссонечны “шэранькі дзянёк” з дзясяткамі найтонкіх нюансаў. Ён працуе ў тэхніцы alla prima (вадкімі фарбамі па вільготнай паперы), давяраючы выпадку і пракудам цякучай фарбы. У гэтым мастак бачыць хараство працы акварэліста, і яго ахоплівае задавальненне ад працэсу творчасці і здабытага выніку. Ён піша тонкім пластом, каб папера прасвечвала, “дыхала”, прычым без папярэдняга алоўкавага накіда. Адбываецца чараўніцтва зліцця паперы, фарбы, вады і святла. У акварэлі майстра ярка выяўляецца асаблівая асабістая інтанацыя, магія, якая зачароўвае і беспамылкова дзейнічае на людзей рознага ўзроўню, узросту і адукацыі. Яго творчасць – камертон абсалютнага густу і майстэрства ў сучаснай беларускай графіцы.

іншыя выставы
Дух і прыгажосць керамікі раўнін Чжун’юань: выстава мастацтва правінцыі Хэнань
Дух і прыгажосць керамікі раўнін Чжун’юань: выстава мастацтва правінцыі Хэнань

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака
Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Гармонія свету неглюбскіх ткачых
Гармонія свету неглюбскіх ткачых

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава адной карціны. Міхаіл Васільевіч Несцераў «Ганец»
Выстава адной карціны. Міхаіл Васільевіч Несцераў «Ганец»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі