У гонар юбілею мастака ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава адной карціны – “Ленін з моладдзю. ВМАТЭМАЙС. 1921 год”, 1967 (ВМАТЭМАЙС – Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні).
Уладзімір Іванавіч пражыў доўгае творчае жыццё, за якое паспеў шмат чаго: вёў шырокую грамадскую і творчую дзейнасць, на працягу 40 гадоў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пісаў карціны, ствараў манументальныя роспісы, па яго эскізах аформлены станцыі мінскага метрапалітэна. Толькі ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца 23 яго жывапісныя карціны і 94 графічныя работы, большую частку якіх у 2009 годзе ён прынёс музею ў дар. А на малой радзіме мастака, у Асіповічах, ёсць яшчэ яго персанальная карцінная галерэя. “Чалавек адкрытай душы, добразычлівы і бескарыслівы, ён са шчырасцю і цеплынёй ставіўся да кожнага чалавека, быў патрыётам Беларусі, думаў маштабна, па-дзяржаўнаму”, – адзначаў на адкрыцці яго выставы генеральны дырэктар У. І. Пракапцоў.
Невыпадкова мастакі двойчы выбіралі яго старшынёй Саюза мастакоў Беларусі (1965–1968, 1987–1989), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.
Росквіт творчасці У. І. Стэльмашонка прыпаў на 1960–1990-я гады, калі пасля заканчэння Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна ён вярнуўся ў Мінск. Усім вядомы яго выдатны партрэт Якуба Коласа (1967), які стаў хрэстаматыйным, партрэты Рыгора Шырмы (1968), дзеда Талаша (1985), Максіма Гарэцкага (1983), Ірыны Назімавай (1992) і інш., трыпціх “Сыны Радзімы” (1970), “Слова пра Беларусь” (1972)
У 2015 годзе ў музейнай серыі “Славутыя мастакі з Беларусі” выйшла невялікая кніга-альбом, аўтарам тэксту і складальнікам якой выступіла яго жонка – мастацтвазнаўца Ірына Васільеўна Назімава, найстарэйшы супрацоўнік музея (з 1957 года).
Тэкст – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Надежда Усава
Фотаздымкі – Вера Навумава