Элегантнасць серабра: скарбы Аманскага двара

Элегантнасць серабра: скарбы Аманскага двара

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 19 снежня 2025 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачне працаваць выстава “Элегантнасць серабра: скарбы Аманскага двара” з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман.

Выстава прадставіць найбольш яркія і цікавыя творы з калекцыі Нацыянальнага музея, што дазволіць прадэманстраваць багацце гістарычнай і культурнай спадчыны Амана. У складзе экспазіцыі прадугледжаны розныя раздзелы, закліканыя пазнаёміць гледача з разнастайнымі гранямі аманскай культуры, яе звычаямі і традыцыямі.

Мастацтва апрацоўкі серабра – адно з найважнейшых у аманскай культуры. Са старажытных часоў і да нашых дзён упрыгожаныя срэбрам вырабы не толькі сведчаць аб статусе і матэрыяльным дабрабыце ўладальніка, але і служаць сродкам мастацкага самавыяўлення майстра, які іх стварыў. У экспазіцыі выставы прадстаўлены вытанчаныя творы аманскіх майстроў – вырабленыя з каштоўнага металу парадныя кінжалы, паясы, амулеты, ювелірныя ўпрыгажэнні і разнастайныя аксесуары. Незалежна ад свайго першапачатковага прызначэння выкананыя з філігранным мастацтвам сярэбраныя прадметы набываюць метафізічны сэнс, увасабляючы духоўную ахову, спалучаюць у сабе дасканаласць формы і каштоўнасць высакароднага металу. Для разумення выключнай ролі серабра ў гісторыі і культуры Амана неабходна адзначыць, што серабро ўжывалася пры вырабе традыцыйнага кінжала ханджар, адлюстраванага ў нацыянальнай эмблеме Султаната Аман.

У нацыянальнай эмблеме ў поўнай меры адлюстравана і сімвалічнае значэнне зброі. Кінжалы, якія выкарыстоўваліся ў Амане прынамсі з III тысячагоддзя да н.э., ужо ў далёкім мінулым выконвалі як практычныя, так і цырыманіяльныя функцыі. На выставе прадстаўлены разнастайныя прыклады традыцыйных кінжалаў, створаных у розныя перыяды аманскай гісторыі. Вытворчасць кінжалаў з’яўляецца самым шматгранным з усіх аманскіх рамёстваў і ўключае працу са сталлю, дрэвам, рогам ці косцю, тканінай, скурай і, вядома, адрозніваецца шматлікімі метадамі апрацоўкі серабра. Асобная частка выставы будзе прысвечана як гісторыі, так і культуры ханджара, яго частак і аксесуараў.

На выставе экспануюцца традыцыйныя касцюмы, якія дэманструюць разнастайнасць функцый аманскага адзення. Яна ўвасабляе рэлігійныя перакананні, ідэнтычнасць, сціпласць, абарону, упрыгожванне і годнасць.

Значны раздзел выставы прысвечаны ювелірным упрыгажэнням. Гэтыя экспанаты маюць не толькі ўтылітарнае значэнне, але таксама адлюстроўваюць індывідуальныя і грамадскія каштоўнасці людзей, такія як эстэтыка, этыкет, прыхільнасць рэлігіі і самавыяўленне.

Адмысловае месца на выставе займае комплекс мемарыяльных рэчаў прынцэсы Саіды Сальмы бінт Са’ід аль-Буса’ідзі, аўтара твора “Мемуары арабскай прынцэсы Занзібара”, першай у свеце аўтабіяграфіі знатнай арабскай жанчыны.

Шэраг экспанатаў выставы пазнаёміць з культурай водару – адной з традыцыйных ва ўсіх рэгіёнах Амана. Выстава прадставіць прыклады флаконаў мужчынскіх духоў сусветна вядомага парфумернага дома Amouage, дызайн якіх быў натхнёны аманскім кінжалам.

Выстава “Элегантнасць серабра: скарбы Аманскага двара” з’яўляецца вынікам шматгадовага супрацоўніцтва паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным музеем Султаната Аман. У 2019 годзе ў Мінску з поспехам дэманстравалася выстава “Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына”, якая прадставіла работы рамесных майстроў Амана і стала прэзентацыяй аднаго з найбуйнейшых музеяў Усходу ў Рэспубліцы Беларусь.

Выстава будзе экспанавацца да 18 сакавіка 2026 года.

Генеральны партнёр праекта – Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Міжнародныя паслугі па маркетынгу тытунём Бі Уай”.

іншыя выставы
Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі
Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ
Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Лепшыя дыпломныя работы выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава
Лепшыя дыпломныя работы выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Спадчына Беларусі
Спадчына Беларусі

Музей беларускага народнага мастацтва