Фердынанд Рушчыц. Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака

Фердынанд Рушчыц. Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 27 лістапада 2020 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачне працаваць выстава “Фердынанд Рушчыц (1870–1936). Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака”.

У 2020 годзе адзначаецца памятная дата – 150 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца (1870–1936). Выбітны пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар і педагог, Рушчыц пакінуў глыбокі след у мастацтве і культурна-грамадскім жыцці былой Рэчы Паспалітай. Фердынанд Рушчыц – яркі прадстаўнік сімвалізму ў мастацтве, які злучыў традыцыі нацыянальнага жывапісу і заходнееўрапейскіх тэндэнцый, ключавая фігура мастацкага жыцця Віленшчыны ў міжваенны перыяд. Ён стаў важнай персонай для культуры сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы. Палотны мастака захоўваюцца ў музеях вышэйпералічаных краін, а таксама еўрапейскіх і амерыканскіх музейных і прыватных зборах.

Імя Фердынанда Рушчыца ўнесена ЮНЕСКА ў каляндар памятных дат на 2020 год. Урачыстае адкрыццё Года Рушчыца адбылося 27 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Выстава, якая адкрыецца, – галоўнае мерапрыемства з цэлага шэрага падзей, запланаваных да святкавання Года Рушчыца ў Беларусі. Яе мэта прадставіць шырокі мастацкі кантэкст, у якім існавала творчасць мастака. У экспазіцыі будуць прадстаўлены не толькі карціны Фердынанда Рушчыца, але і працы мастакоў яго асяроддзя. Гэта і творы настаўнікаў Рушчыца ў Акадэміі мастацтваў – Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы, яго аднакурснікаў па майстэрні Куінджы – Мікалая Рэрыха, Канстанціна Багаеўскага, Вільгельма Пурвітыса, Аркадзя Рылова і інш. Цэлы раздзел выставы будзе прысвечаны вучням Фердынанда Рушчыца, выпускнікам Віленскага ўніверсітэта, выдатным беларускім мастакам Пётры Сергіевічу і Міхасю Сеўруку. 

Выставу дапоўняць творы сучасных мастакоў, удзельнікаў пленэраў, прысвечаных майстру, а таксама найцікавы архіў фатаграфій вёскі Багданава, дзе знаходзіўся маёнтак Рушчыцаў, выкананых падчас Першай сусветнай вайны (з калекцыі Уладзіміра Багданава).

Да нядаўняга часу ў зборы нашага музея захоўвалася толькі адна праца Фердынанда Рушчыца “Ля касцёла” 1899 года, набытая ў 1957 годзе ў ленінградскага калекцыянера А. І. Шустэра. У лістападзе 2019 г. пры фінансавай падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна былі набыты ў калекцыі ўнука мастака Фердынанда Рушчыца і перададзены ў дар яшчэ тры жывапісныя работы, што адносяцца да ранняга перыяду творчасці майстра.

іншыя выставы
Выстава абраза, прымеркаваная да свята Стрэчання Гасподняга
Выстава абраза, прымеркаваная да свята Стрэчання Гасподняга

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

У свеце запаведнай прыроды
У свеце запаведнай прыроды

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Сцяг Перамогі
Сцяг Перамогі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • 223054, Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні