Сёлета штогадовая канферэнцыя “Аладаўскія чытанні” была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння славутага беларускага мастака, народнага мастака СССР і Беларусі, першага сярод айчынных дзеячаў культуры адзначанага вышэйшым званнем Героя Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Андрэевіча Савіцкага (1922–2010).
Міхаіл Савіцкі – адзін з самых таленавітых, вядомых і прызнаных мастакоў, фігура легендарная для беларускага мастацтва, якая шмат у чым вызначыла лёс нацыянальнай школы жывапісу ў другой палове ХХ стагоддзя. Створаная ім вобразна-пластычная сістэма стала сапраўдным прарывам у мастацтве 1960-х гадоў і адкрыла новыя шляхі развіцця мастацтва наступных дзесяцігоддзяў. Яго наватарскія для свайго часу маштабныя палотны “Віцебскія вароты” (1967), “Партызанская мадонна” (1967), пранізлівы да болю цыкл “Лічбы на сэрцы”, якія рэпрэзентавалі сумленны, праўдзівы, вельмі драматычны і жорсткі погляд на падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і сёння застаюцца галоўнымі вобразаі ў разуменні незваротнасці страт, нанесеных вайной.
Шырока вядомы і педагагічны талент М. А. Савіцкага. На працягу 30 гадоў ён паспяхова кіраваў Творчай майстэрняй жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску (з 1991 года – Творчая акадэмічная майстэрня Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь), у якой выхаваў некалькі пакаленняў мастакоў, розных па сваіх творчых метадах і напрамках.
У канферэнцыі прынялі ўдзел мастацтвазнаўцы, музеязнаўцы, рэстаўратары, гісторыкі, культуролагі і прадстаўнікі сумежных дысцыплін.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Анэйка Святлана Іванаўна і дырэктар Белгародскага дзяржаўнага мастацкага музея (Расійская Федэрацыя) Лук’янава Таццяна Аляксандраўна.
Анэйка С. І. у сваім прывітанні адзначыла, што ў гэтым годзе, абвешчаным у Беларусі Годам гістарычнай памяці, Нацыянальны мастацкі музей рэалізуе шэраг значных праектаў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння М. А. Савіцкага, 150-годдзю з дня нараджэння В. К. Бялыніцкага-Бірулі і тэме Вялікай Айчыннай вайны ў творах беларускіх мастакоў, а таксама нагадала, што ў маі бягучага года споўнілася 115 год з дня нараджэння мастацтвазнаўцы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, дырэктара музея ў 1944–1977 гг. Аладавай Алены Васільеўны, у гонар якой музей штогод ладзіць дадзеную канферэнцыю.
Лук’янава Т. А. выказала словы падзякі ў адрас адміністрацыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь за запрашэнне прыняць удзел у канферэнцыі, азнаёміцца з вопыт работы музейных інстытуцый Беларусі і прадставіць вопыт работы Белгародскага мастацкага музея беларускім калегам, пажадала ўдзельнікам канферэнцыі плённай працы.
У рамках пленарнага пасяджэння і дзвюх тэматычных секцый – “Актуальныя праблемы даследавання выяўленчага мастацтва” і “Музей і наведвальнік: стратэгіі камунікацыі” – былі прадстаўлены прафесійныя напрацоўкі супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Музея “Замкавы комплекс “Мір”, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Музея Марка Шагала ў Віцебску, Бабруйскага мастацкага музея, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Белгародскага дзяржаўнага мастацкага музея (Расійская Федэрацыя), а таксама ў завочным фармаце – спецыялісты Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава і Музейна-выставачнага комплексу “Мая краіна. Мая гісторыя” (Расійская Федэрацыя, Стаўрапольскі край).
Па выніках работы канферэнцыі рыхтуецца да выдання зборнік навуковых артыкулаў.
У рамках канферэнцыі адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання Дагавора аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Белгародскім дзяржаўным мастацкім музеем (Расійская Федэрацыя).
Падчас сустрэчы генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Пракапцовым Уладзімірам Іванавічам і дырэктарам Белгародскага дзяржаўнага мастацкага музея Лук’янавай Таццянай Аляксандраўнай абмяркоўваліся пытанні правядзення абменных выставачных праектаў і стажыровак навуковых супрацоўнікаў музеяў.
Падрабязней