Жыццёвы шлях Яна Дамеля звязаны з сучаснымі Латвіяй, Літвой, Беларуссю і Расіяй: нарадзіўся на тэрыторыі Курляндыі, пазней пераехаў у Жмудзь, вучыўся ў Віленскім універсітэце, быў несправядліва асуджаны ў справе падробкі асігнацый і сасланы на пасяленне ў Сібір, пасля высылкі пасяліўся ў Мінску, дзе і пражыў да канца жыцця.
Вучань Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма, адносіўся да мастакоў кола Віленскага класіцызму. Класічная адукацыя і акадэмічны асяродак не перашкаджалі яму натхняцца і ствараць шматлікія палотны ў духу еўрапейскага рамантызму.
У выставачнай прасторы экспануюцца арыгінальныя палотны Яна Дамеля, яго настаўнікаў і калег па Віленскім універсітэце, архіўныя дакументы з малюнкамі самога мастака і лічбавыя копіі твораў Дамеля, што захоўваюцца па-за межамі Беларусі.
Сёння мастацкая спадчына Яна Дамеля раз’яднана паміж музейнымі і прыватнымі калекцыямі Беларусі (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі), Літвы (Літоўскі нацыянальны мастацкі музей; Нацыянальны мастацкі музей імя М.К. Чурлёніса; бібліятэка Віленскага ўніверсітэта), Польшчы (Нацыянальны музей у Варшаве; Нацыянальны музей у Кракаве; Нацыянальны музей у Познані; Нацыянальны музей у Любліне; Акружны музей у Торуні), Расіі (Дзяржаўны гістарычны музей; Наўгародскі дзяржаўны аб’яднаны музей-запаведнік; Дзяржаўны музей-запаведнік “Паўлаўск”), Украіны (Львоўская нацыянальная навуковая бібліятэка імя В. Стэфаніка) і ЗША (Фонд імя Касцюшкі, Нью-Ёрк). Месцазнаходжанне шматлікіх твораў, пра якія ўзгадвалі сучаснікі, на жаль, невядома і сёння.