У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 твораў з калекцыі аўтара, створаных у ХХІ стагоддзі.
Магчыма, для беларускай культурнай прасторы Яўген Мікалаевіч Саковіч больш вядомы як выдатны педагог, які аддаў паўстагоддзя свайго жыцця выкладчыцкай дзейнасці ў знакамітай Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў.
Сёння ж у шырокай публікі ёсць цудоўная магчымасць пазнаёміцца з бліскучымі, віртуознымі акварэлямі майстра. Яўген Мікалаевіч – чалавек магутнай энергіі. Яму ў роўнай ступені ўдавалася і выкладаць, і выконваць адміністратыўныя абавязкі кіраўніка, і займацца творчасцю. Ён заўсёды бачыў місію педагога-мастака ў тым, каб не толькі трансліраваць тэарэтычныя веды, але і пісаць самому, развівацца, не стаяць на месцы, падаваць гэтым прыклад вучням.
Творы ў экспазіцыі выкананы ў акварэльнай тэхніцы alla prima. Яны раскрываюць Яўгена Саковіча як арыгінальнага, сур’ёзнага прафесіянала высокага ўзроўню. Тэхніка alla prima патрабуе ад мастака здольнасці трымаць у розуме тонавую і каляровую архітэктоніку ўсёй кампазіцыі, пастаўленай, упэўненай рукі, “вопытнага” вока, інтуітыўнага разумення сутнасці працэсу. Бо напісаць карціну трэба ўсяго за адзін сеанс, да поўнага высыхання фарбаў. У прадстаўленых акварэлях можна ўбачыць, як віртуозна Яўген Саковіч піша фарбамі адразу, без папярэдніх контураў алоўкам.
Улюбёны жанр для мастака, безумоўна – пейзаж. Асаблівасцю яго творчага падыходу з’яўляецца імкненне увасобіць стан душы ад убачанага ў момант захаплення натурай, а не перадача канкрэтнага матыву.
Акварэльныя творы Яўгена Саковіча ўзвышаныя і самадастатковыя. Мяккія, далікатныя каляровыя пераходы, празрыстасць, чысціня – усё гэта характэрна для жывапісу майстра.
Выстава працягнецца да 9 верасня 2024 года.
Куратар: Сяліцкая Наталля Леанідаўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ – ХХI стагоддзяў.
Саковіч Яўген Мікалаевіч
Нарадзіўся 5 жніўня 1948 года ў вёсцы Цыбкі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.
1972 – скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава (цяпер – Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава), вучыўся ў І.І. Глазавай.
1978 – скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Наведваў студыі І.М. Сталярова, Ф.Ф. Гумена.
З 1972 па 2023 гг. выкладаў у мінскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №26 з мастацкім ухілам (з 1991 – Мінскі мастацкі ліцэй, з 2000 – УА “Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў”).
У 2007 г. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пад аўтарствам Я.М. Саковіча выдала вучэбна-метадычныя праграмы для школ з эстэтычным ухілам па прадметах “Малюнак”, “Жывапіс”, “Кампазіцыя”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і лепка”, па якіх на сённяшні дзень працуюць больш за 200 школ з мастацкай накіраванасцю як у Беларусі, так і за яе межамі.
З 1989 г. член Беларускага саюза мастакоў.
З 1989 г. рэгулярна ўдзельнічае ў мастацкіх выставах, у т.л. рэспубліканскіх і міжнародных.
Працуе ў розных тэхніках станковага жывапісу. Асноўныя работы выкананы ў тэхніцы акварэлі.
Прысвоена ганаровае званне “Выдатнік народнай асветы” (1984), “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь” (2000).
Узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі” (2008). Узнагароджаны ордэнам Беларускай Праваслаўнай царквы свяціцеля Кірылы Тураўскага ІІ ступені (2010).
Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2010).
Кавалер ордэна Францыска Скарыны (2015).
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, прыватных калекцыях Беларусі, Францыі, Германіі, Нарвегіі.
Цікавыя факты пра мастака:
• Мае пасведчанне трактарыста-машыніста.
• Адразу пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча ў 1972 годзе па размеркаванні трапіў у мінскую школу №26 і практычна адразу стаў нязменным намеснікам дырэктара па мастацкай частцы (ажно да 2023 г.).
• У 2007 годзе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пад аўтарствам Я.М. Саковіча выдала вучэбна-метадычныя праграмы для школ з эстэтычным ухілам па прадметах "Малюнак”, “Жывапіс", “Кампазіцыя”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і лепка"”, па якіх на сённяшні дзень працуюць больш за 200 школ з мастацкай накіраванасцю як у Беларусі, так і за яе межамі.
• У 2007 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася персанальная выстаўка, дзе былі прадстаўлены яго работы і работы яго вучняў.
• Тры творы Я.М. Саковіча знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
• Восенню 2023 г. прыняў удзел у выставе “Беларускае сучаснае мастацтва графікі”, арганізаванай і прадстаўленай Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь у Мардоўскім рэспубліканскім музеі выяўленчых мастацтваў імя С.Д. Эр’зі (г. Саранск, РФ).