Абраз “Маці Божая Адзігітрыя” з Магілёва

Абраз “Маці Божая Адзігітрыя” з Магілёва

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

17 снежня 2025 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выстаўка аднаго твора – іконы Маці Божай Адзігітрыі са збору Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Я.Р. Раманава.

Маці Божая Адзігітрыя (з грэч. - якая паказвае Шлях) найбольш распаўсюджаны варыянт Яе выявы з дзіцем Ісусам Хрыстом, які правай рукой дабраслаўляе, а ў левай трымае скрутак або кнігу. У Магілёўскі музей твор паступіў у 1960-я гады, калі вынікам супрацьстаяння дзяржавы і царквы стала масавае закрыццё храмаў. Мяркуючы па памерах, прадстаўленая ікона знаходзілася або ў мясцовым шэрагу іканастаса, або ў асобным кіёце, па прыкладзе абраза Маці Божай Мінскай са Святадухава сабора. Навуковыя супрацоўнікі разумелі значнасць іконы і неабходнасць яе вывучэння, што ўяўлялася магчымым толькі пасля правядзення рэстаўрацыйных работ. Ужо ў той час было відавочна, што мастацкія асаблівасці жывапісу XIX–пач. XX ст. не адпавядаюць метадам апрацоўкі драўлянай асновы, больш ранняй па часе.

Тры гады таму ікона з Магілёўскага музея паступіла ў навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь для правядзення даследчых работ, умацавання грунту і фарбавага слоя. Папярэдняе вывучэнне паказала, што першапачатковы аўтарскі жывапіс знаходзіцца пад двума пластамі запісу, верхні з якіх адносіцца да XIX–пач. XX ст.

Мастаком-рэстаўратарам М.В. Зіміной былі выкананы прафілактычныя работы і частковыя зандажы. Па ўзгадненні з кіраўніцтвам Магілёўскага музея і рашэнні рэстаўрацыйнай рады НММ РБ у 2025 г. мастаком-рэстаўратарам 2-й катэгорыі С.В. Шаціла праведзена поўнае раскрыццё арыгінальнага жывапісу XVII ст. Адной з датуючых прыкмет з'явіўся малюнак разнога арнаментальнага фону, вядомага ў беларускім іканапісе з другой паловы XVI ст.

Музейным спецыялістам трэба будзе правесці працу па ўдакладненні абставінаў паходжання абраза, яго рэгіянальнай прыналежнасці, іканаграфічным зводу, магчыма – датыроўцы. Здабыццё ўнікальнага твора XVII ст. узбагачае гісторыю іканапісу Беларусі і раскрывае новыя магчымасці яе ўсебаковага вывучэння.

Выстава будзе працаваць да 01 лютага 2026 года.

іншыя выставы
Гармонія свету неглюбскіх ткачых
Гармонія свету неглюбскіх ткачых

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Мікалай Байрачны. Скульптура. Да 75-годдзя майстра
Мікалай Байрачны. Скульптура. Да 75-годдзя майстра

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

ВЫСТАВА “БАГI I ГЕРОI СТАРАЖЫТНАЙ ГРЭЦЫI Ў АФОРТАХ IАГАНА ГЕНРЫХА ЦIШБЕЙНА”
ВЫСТАВА “БАГI I ГЕРОI СТАРАЖЫТНАЙ ГРЭЦЫI Ў АФОРТАХ IАГАНА ГЕНРЫХА ЦIШБЕЙНА”

Музей Дом Ваньковічаў

Чарнобыль: 40 гадоў сузірання
Чарнобыль: 40 гадоў сузірання

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь