Марыя Ісаёнак. З майстэрні

Марыя Ісаёнак. З майстэрні

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

12 сакавіка 2026 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20, сяродкрыжжа) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы мастацкіх твораў Марыі Іванаўны Ісаёнак “З майстэрні”.

Марыя Ісаёнак – яркая фігура беларускага выяўленчага мастацтва. Вялікі масіў яе твораў паходзіць з майстэрні. Практычна на кожнай карціне вы бачыце інтэр’ер гэтай прасторы – прасторы творчасці, самоты, пошуку і поспеху. Майстэрняй мастачцы служылі розныя лакацыі. Доўгія гады адным з такіх месцаў быў дом у вёсцы Чарневічы ў Мінскай вобласці, дзе яна праводзіла лета і восень, вяртаючыся на зімовы і вясновы перыяды ў Мінск. Цяпер такім месцам з’яўляецца дом-студыя ў аграгарадку Калодзішчы Мінскай вобласці.

Марыя Ісаёнак увайшла ў беларускае мастацтва ў часы панавання “суровага стылю” і на яго фоне здолела прыцягнуць увагу да сваіх карцін – ціхіх і праніклівых. Мастачка малюе нацюрморты, сюжэтныя кампазіцыі, пейзажы з натуры, пры натуральным асвятленні, залітыя сонечным святлом, узнаўляе атмасферу пагодных умоў, ствараючы адчуванне фізічнай прысутнасці святла. Сонечнае святло ў карцінах аўтара з’яўляецца эмацыянальным маркерам, які падкрэслівае моманты гармоніі і крохкасці свету, дапамагае адлюстраваць жывую карціну прыроды, надаючы ёй асаблівы, узнёслы, нават летуценны настрой. Прыроджаная ўважлівасць дазваляе мастачцы мімалётнае, нават простае, штодзённае паказаць ва ўсёй красе і перадаць адчуванне ўбачанага моманту.

На выставе прадстаўлены работы, створаныя з 1990 па 2026 год, з майстэрні мастачкі Марыі Ісаёнак, частка з якіх экспануецца ўпершыню.

Выстава працуе да 13 красавіка 2026 года.

Марыя Іванаўна Ісаёнак (нар. 25.10.1949, в. Кісялі, Гарадоцкі р-н, Віцебская вобл.).

У 1965–1969 вучылася ў Мінскім мастацкім вучылішчы на 
жывапісна-педагагічным аддзяленні ў Міхаіла Якаўлевіча Лісоўскага і Трафіма Дзмітрыевіча Ігнаценкі.

У 1969–1971 працавала па размеркаванні настаўніцай малюнка і чарчэння, выхавацелем у Даўгапольскай школе-інтэрнаце Віцебскай вобласці. У 1971 выйшла замуж за Мікалая Ісаёнка.

У 1974 пераехала ў Мінск. У 1974–1976 працавала мастаком-дэкаратарам на кінастудыі “Беларусьфільм”.

З 1976 удзельнічае ў выставах. З 1986 – член Саюза мастакоў БССР (па рэкамендацыі народнага мастака БССР Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва і заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Васіля Фёдаравіча Сумарава).

У 2000 адбылася першая персанальная выстава ў Палацы мастацтваў у Мінску. У 2005 упершыню выставілася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Творы знаходзяцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога мастацкага музея, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Саюза мастакоў Расіі, у прыватных калекцыях.

іншыя выставы
Зніклае і вечнае. Георгій і Наталля Паплаўскія
Зніклае і вечнае. Георгій і Наталля Паплаўскія

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Выстава аднаго шэдэўра: “Прагулка” Марка Шагала
Выстава аднаго шэдэўра: “Прагулка” Марка Шагала

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV ст.
Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV ст.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Графіка мастакоў таварыства «Бубновы валет»
Графіка мастакоў таварыства «Бубновы валет»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі