Колер жніўня

Колер жніўня

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

3 жніўня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы твораў Мікалая Таранда “Колер жніўня”.

Мастацкая спадчына Мікалая Таранда вялікая і разнастайная – сотні жывапісных, графічных твораў, выкананых у розных жанрах і тэхніках, якія ўпрыгожваюць музейныя і прыватныя зборы. За 50-гадовую творчую дзейнасць мастак прыняў удзел у больш як 40 рэспубліканскіх выставах, адбылося 20 персанальных выстаў аўтара.

Мікалай Таранда з’яўляецца тым унікальным прыкладам мастака, які ў сваёй творчасці спалучае фігуратыўны і абстрактны жывапіс. Гэтыя два полюсы – пейзаж і беспрадметная кампазіцыя – узаемадзейнічаюць у прасторы яго паэтыкі і складаюць галоўную інтрыгу творчасці.

З другой паловы 1980-х гадоў выкрышталізоўваецца характэрная жывапісная манера Мікалая Таранда, шмат у чым сфарміраваная пад уплывам яго настаўніка Алега Арлова, а таксама ад глыбока шанаваных ім французскіх імпрэсіяністаў, фавістаў і постімпрэсіяністаў, асабліва Поля Сезана. Безумоўна, у яго манеры фіксуюцца і пункты судакранання з беларускай жывапіснай школай, але ў традыцыйны рэалізм Мікалай Таранда ўносіць рухомасць і экспрэсіўнасць, а імпрэсіяністычную звонкасць змякчае лірыкай і сумам, уласцівым Беларусі з яе камернымі фарбамі зямлі.

З гадамі яго пластычная мова ўсё больш экспрэсіўная і будуецца на прынцыпах асацыятыўнага формаўтварэння. Пейзаж становіцца мастацкай нагодай, спосабам рэалізацыі жывапіснай прыгоды, на якую Мікалая Таранда натхняюць зусім розныя рэчы – няхай гэта будзе ўласны сад мастака з квітнеючымі касачамі або смарагдавая, працятая сонечнымі прамянямі вада сажалкі.

У экспазіцыі юбілейнай выставы будуць прадстаўлены жывапісныя творы, што найбольш яскрава выказваюць творчае крэда аўтара – пейзажныя матывы, кветкавыя нацюрморты і вялікая серыя абстрактных кампазіцый.

Творы Мікалая Таранда знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі Музея гісторыі і культуры горада Оршы, Мастацкай галерэі горада Полацка Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Мастацкай галерэі Палаца мастацтваў горада Перніка (Балгарыя), Смаленскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў (Расія), прыватных калекцыях у Беларусі, Балгарыі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, ЗША.

 

Куратар выставы – Кацярына Калянкевіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX – пачатку XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Выстава будзе працаваць
 да 17 верасня 2023 года

іншыя выставы
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Імгненні жыцця"
Выстава "Імгненні жыцця"

Музей Дом Ваньковічаў

Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957
Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30