У большасці жывапісцаў вобраз Радзімы ўстойліва асацыіруецца з услаўленнем беларускай прыроды. Пейзажны жанр у беларускім жывапісе і графіцы мае даўнюю гісторыю. Ужо ў творах іканапісу і кніжнай гравюры пачатку XVIII стагоддзя мы бачым яго элементы. Многія беларускія мастакі пазнейшых перыядаў прысвяцілі ўсю сваю творчасць Беларусі, захапляліся яе прыроднай прыгажосцю, тым кутком, дзе яны нарадзіліся і выраслі. Іх творы адлюстроўвалі як бязмежныя прасторы, так і зацішныя паселішчы нашай краіны. У беларускай прыродзе ёсць сваё непаўторнае зачараванне і безумоўная прыгажосць. Гэта бясконцая прастора лугоў, якія сыходзяць за гарызонт поля, доўгія стужкі вялікіх рэк і блакітныя бязмежныя азёры. Поры года – асаблівая тэма ў творчасці мастакоў. Беларуская прырода паўстае то заснежанай, то абуджанай, то залітай летнім сонцам, то апранутай у багатыя ўборы восені. Паказаць вобраз роднай зямлі шматпланавым як у часе і тэмах, так і ў мастацкіх стылях – асноўная мэта і канцэпцыя выставы.
У канцы XIX стагоддзя мастакі распрацоўвалі від пейзажа, дзе галоўнай задачай з’яўляецца лірычнае адлюстраванне характэрнага матыву роднай прыроды. У іх творчасці важнае месца займае пейзажны эцюд ці пейзаж, напісаны непасрэдна з натуры. Традыцыі гэтых майстроў працягваў Юдэль Пэн з яго характэрнымі выявамі Віцебска і гарадскіх ускраін.
У ХХ–ХХI стагоддзях да тэмы радзімы ў пейзажным жывапісе звярталіся многія беларускія мастакі. Для іх твораў характэрна злучэнне лірычнага пачатку і эпічны ахоп свету. Жывапісцам было важна, грунтуючыся на канкрэтнай мясцовасці, якая станавілася аб’ектам адлюстравання, стварыць абагульнены эпічны вобраз роднага края (Я. Зайцaў, Ул. Кудрэвіч, В. Цвірка, В. Грамыка, Д. Алейнік, Г.Вашчанка, Л.Шчамялеў і інш.). Адчуванне адзінства ўнутранага свету чалавека і прыроды, пачуццё непарыўнай сувязі з зямлёй знаходзіла адлюстраванне ў творах беларускіх майстроў, дзе створаны па-філасофску змястоўныя, сімвалічна насычаныя вобразы роднай прыроды.
Вобраз Радзімы, роднага края стаў адным з галоўных матываў у творчасці беларускіх мастакоў розных пакаленняў і мастацкіх традыцый. Калекцыя беларускага мастацтва XX–ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – яркае таму пацвярджэнне. Многія жывапісцы, скульптары на працягу некалькіх стагоддзяў звароту да гэтай тэмы ўнеслі важны ўклад у фарміраванне мастацкага вобраза нашай радзімы ў выяўленчым мастацтве.
Выставачны праект рэалізаваны пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, маладзёжнай палітыкі і ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння.
Куратар выставы – вядучы навуковы супрацоўнік Л. Л. Сысоева