Мастацтва любіць жыццё. Dolce Vita

Мастацтва любіць жыццё. Dolce Vita

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

12 лютага 2024 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) пачне работу выстава «Мастацтва любіць жыццё. Dolce Vita».

Італьянскі выраз Dolce Vita добра вядомы ва ўсім свеце. Можна дакладна перакласці «салодкае жыццё», але сутнасць словазлучэння адлюстроўвае надзвычай шырокі спектр праяў і нюансаў ўспрымання рэчаіснасці – ад камфортнага распарадку дня да вытанчанага эстэцтва, ад бесклапотнага баўлення часу да інтэлектуальнага засваення рэальнасці, ад павольнага назірання да пачуццёвага задавальнення. Але ўсе гэтыя з’явы яднаюць агульныя адчуванні – атрыманне асалоды ад працэсу. 

Такая еднасць дазволіла канцэптуальна аб’яднаць на выставе «Мастацтва любіць жыццё. Dolce Vita» творы аўтараў розных краін, шматлікіх мастацкіх школ, эпох, стыляў і напрамкаў. У разнастайных відах выяўленчага мастацтва кожны з майстроў па-свойму інтэрпрэтаваў тэму прыгожага, няспешнага жыцця, напоўненага пачуццёвымі і ўзнёслымі праявамі, сакавітымі эмоцыямі альбо разняволеным летуценным сузіраннем. Галоўным для ўсіх гэтых твораў з’яўляецца не стылістычнае ці жанравае адзінства, а ўвага творцаў да дзіўнай прыгажосці свету. Трактоўка «салодкага жыцця» знайшла ўвасабленне ў мастацкіх вобразах самага рознага настрою, форм і аўтарскай інтэрпрэтацыі: ад манументальна-эпічных да камерных, ад пафасна-патэтычных да лірычных і інтымных. 

На выставе будуць прадстаўлены творы беларускага, рускага і еўрапейскага мастацтва ХVІІІ–ХХІ стст. са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – усяго больш за 150 работ жывапісу, скульптуры, арыгінальнай графікі, прадметаў фарфору, мастацкага шкла і інш. Музейныя экспанаты будуць дапоўнены жаночымі касцюмамі розных эпох, знакавымі ўзорамі аксесуараў, парфумерыі, касметыкі сусветных і айчынных вытворцаў з прыватнай калекцыі Таццяны Фядосавай «Прыгажосць і мода XIX–XXI стагоддзяў». У тэму раскошы і вытанчанасці ўнясуць разнастайнасць працы Янжа Нядвецкага, адзінага беларускага дызайнера, які ўвайшоў у Кнігу рэкордаў Гінеса як аўтар самай працаёмкай і эксклюзіўнай пары туфляў. Янж Нядвецкі вядомы сваімі экстравагантнымі арыгінальнымі вырабамі, аматарамі якіх з’яўляюцца такія сусветныя знакамітасці, як Мірэй Мацьё, Моніка Белучы, Патрысія Каас і інш. Яркія ўпрыгожванні дызайнера Уладзіміра Фрака, якія адрозніваюцца незвычайным пляценнем і нечаканым спалучэннем фактур і матэрыялаў, завершаць вытанчаныя вобразы сукенак, створаных спецыяльна для праекта салонам-атэлье Kiko Richen. Адна з сукенак узнаўляе і па-мастацку інтэрпрэтуе ўбор Аніты Экберг з фільма Федэрыка Феліні «Dolce Vita».

Прадстаўленыя на выставе экспанаты служаць адной мэце – спробе аб’яднаць усе праявы шчаслівага існавання чалавека: ад чароўнасці раскошнага жыцця ў яе класічным варыянце – вытанчаным у дробязях і «красамоўным» у дэталях, да простага захаплення момантам і радасці ад звычайных немудрагелістых рэчаў, сярод якіх кожны зможа «растварыцца» ў павольнай мяккасці часу, вызначыць свой пачуццёвы ўзровень прыгажосці і, безумоўна, атрымаць задавальненне ад сустрэчы з прыгажосцю!

У рамках выставы пройдуць лекцыі, творчыя сустрэчы з калекцыянерамі, куратарскія экскурсіі.

Выстава «Мастацтва любіць жыццё. Dolce Vita» будзе экспанавацца з 12 лютага па 8 красавіка 2024 г. у галоўным корпусе музея (вул. Леніна, 20).

Куратар выставы – Кузняцова Ганна Уладзіміраўна, старшы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (+375/17/2365523).

Відэа
  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30