Мікола Бушчык. Жарсць колеру

Мікола Бушчык. Жарсць колеру

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

27 чэрвеня 2024 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (Карла Маркса, 24; 4 паверх) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Мікола Бушчык. Жарсць колеру».

Мікола Бушчык – беларускі мастак-экспрэсіяніст, прадстаўнік айчыннага авангарда, працуе ў жанры пейзажа, тэматычнай карціны, нацюрморта, партрэта. Піша алеем і ў тэхніцы акварэлі.

Мікола Бушчык – адзін з тых мастакоў, якія ў 1980-х гг. стаялі каля вытокаў абнаўлення пластычнай і каларыстычнай мовы беларускага жывапісу, карыстаючыся законамі авангарда.

Карціны мастака – яскравыя і адметныя, складаныя па фактуры і колеры, віртуозныя па ўменні спалучаць адносіны паміж матэрыяльным навакольным сусветам і светам духоўным – эмоцыямі, перажываннямі, мроямі і надзеямі. З дапамогай экспрэсіўнай рытмікі мазкоў пэндзлю, свабоднай кампазіцыі, напружанай лініі жывапісец увасабляе на палатне свае адчуванні і ўласнае разуменне жыцця, праз абстрактныя вобразы і насычаную колерам палітру стварае творы разважліва-філасофскія і глыбока асацыятыўныя, пазнавальныя па аўтарскай пластыцы, адметныя па атмасферы асаблівых мастацкіх пошукаў творцы, напоўненыя святлом і невычарпальнай энергіяй жыцця.

На выставе будзе прадстаўлена больш за 40 жывапісных палотнаў, якія рознабакова адлюстроўваюць творчыя этапы станаўлення аўтарскай манеры пісьма Міколы Бушчыка і прадэманструюць мастацкія пошукі аўтарам “свайго жывапісу”, што вызначыла яго прыхільнасць да абстрактнага мастацтва і асацыятыўнай, метафарычнай мовы жывапісу.

Вялікі раздзел выставы будзе прысвечаны акварэлям, якія займаюць значную частку ў творчасці мастака. Экспазіцыя выставы прадэманструе больш за 60 акварэлей. Гэта будзе самая маштабная рэпрэзентацыя графікі Міколы Бушчыка за апошнія 26 гадоў.

Аснову экспазіцый алейнага жывапісу і акварэлей складуць творы з прыватнай калекцыі аўтара і збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. 

У межах выставы пройдуць куратарскія экскурсіі, творчыя сустрэчы з мастаком.

Выстава «Мікола Бушчык. Жарсць колеру» будзе экспанавацца з 27 чэрвеня па 11 жніўня 2024 г. у выставачным корпусе музея (Карла Маркса, 24; 4 паверх).

Куратары выставы – Кузняцова Ганна Уладзіміраўна, старшы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь(+375/17/2365523); Лісай Юлія Уладзіміраўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (+375/ 17/ 2365174).  

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30