Нараджэнне творчасці. Выстава графічных твораў Леаніда Шчамялёва

 Нараджэнне творчасці. Выстава графічных твораў Леаніда Шчамялёва

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

30 красавіка ў Мастацкім адкрываецца выстава графічных твораў Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва “Нараджэнне творчасці” са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і калекцыі сям’і мастака.

Леанід Шчамялёў (1923–2021), народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, пакінуў вялікую спадчыну замалёвак, накідаў, эскізаў да сваіх твораў, гэта партрэты, нацюрморты, інтэр’ерныя і сюжэтныя кампазіцыі, аўтапартрэты і пейзажы. Адной з характэрных рыс эскізных работ з’яўляецца наяўнасць запісаў на палях аб колеры фарбаў для будучых жывапісных карцін, дэталізаваных фрагментаў адлюстраванай натуры, што сведчыць аб пастаянным пошуку, варыятыўнасці і жаданні палепшыць кампазіцыю. Майстар не звяртаўся да наўмыснай дэталізацыі выявы, беглы малюнак адзначае самыя істотныя назіранні, асабліва гэта адчуваецца ў пейзажных замалёўках, дзе адлюстраваны беларускія абшары. Тэма роднай зямлі, прыроды і традыцый асноўная ў творчасці Леаніда Шчамялёва. Простыя сюжэты заўсёды напоўнены адчуваннем прасторы і паветра. У мастака пейзаж існуе ў непарыўнай сувязі з чалавекам: ці то людзі, што ідуць у полі, ці дзяўчыны падчас размовы, ці адзінокая сталага ўзросту жанчына на пашы; яны нязменныя героі яго кампазіцый, якія напаўняюць пейзаж сваёй прысутнасцю, дазваляючы гледачу мімаволі апынуцца ўнутры кампазіцый.

Партрэтныя накіды любімых дзяцей і жонкі, малюнкі мастакоў-аднадумцаў, сяброў – жывыя, незвычайна выразныя, пазбаўленыя і ценю штучнага падыходу да чалавека. Часцяком партрэтныя выявы лёгкія, напоўнены любоўю і павагай. Леанід Шчамялёў рэдка звяртаўся да малюнка як да самастойнага жанру, аднак у раннія гады сваёй творчасці ён стварыў шэраг партрэтаў алоўкам (“Партрэт мастака І. Басава”, “Партрэт рабочага Кузьміна” і інш.)

Малюнкі ў экспазіцыі з вострава Калгуеў (Баранцава мора) адносяцца да часу творчых паездак, што мастак здзяйсняў на працягу ўсяго жыцця. Уражанні ад падарожжаў перададзены часцей за ўсё ў хуткіх замалёўках, якія таксама паслужылі матэрыялам для наступных жывапісных твораў. У большасці сваёй, захоўваючы дакументальны характар, яны вельмі непасрэдныя: у іх больш вастрыні, манера – у асноўным вольная, форма – своеасаблівая, часта малюнак мае характар эскіза,накіда. Асабліва актыўна ў 1960-я гады Шчамялёў Л. Д. увесь вольны ад вучобы і працы час падарожнічаў па прасторах СССР: прайшоў усю поўнач Усходне-Еўрапейскай раўніны з Салавецкімі астравамі, наведаў Каўказскі рэгіён, Сярэднюю Азію. Эцюднік, пэндзлі, фарбы, каляровыя алоўкі і альбомы – усё, што трэба было мастаку, каб зафіксаваць навакольнае жыццё. Пабываў мастак пасля ў Грэцыі, В’етнаме, Польшчы, Югаславіі, Францыі, Аўстрыі, Іспаніі і інш., але заўсёды сумаваў па роднай Беларусі, лічачы яе “самай прыгожай у свеце”.

Асабліва ўпадабаная натура для Леаніда Шчамялёва – кветкі, любімымі былі ружы. Пра іх ён гаварыў так: “Вось я люблю пісаць кветкі. Кветкі – гэта маё стаўленне ўласна да аб’екта малюнка. Для мяне мае значэнне і тое, якім чынам кветкі патрапілі да мяне: ці мне іх падарыў хтосьці, ці я сам іх купіў ці сарваў, ці недзе ўбачыў, запомніў. Менавіта ад гэтага залежыць стан і настрой нацюрморта”.

Асновай для творчасці Леаніда Шчамялёва заўсёды была натура, ён быў майстрам, які адлюстроўваў рэальнае жыццё, увесь час шукаў патрэбны ракурс, кампазіцыю, напаўняў сюжэт сэнсам. Асабліва яскрава гэта выявілася ў малюнках: нават невялікі эскіз заўсёды станавіўся не толькі скончаным творам, але падставай для ўвасаблення ідэі ў жывапісе.

Леанід Шчамялёў у графічных творах мяняў сваю манеру ў залежнасці ад творчай задачы. Ён маляваў то тонкімі, дакладнымі рыскамі ў хуткай і крыху эскізнай манеры, часта выбіраючы аловак, то дэталёва прапрацоўваў форму, мадэлюючы яе бясконтурным малюнкам; па-майстэрску валодаў выразнай аднаконтурнай алоўкавай лініяй, выдатна карыстаўся маляўнічай святлоценявой манерай.

 

Куратары праекта – Святлана Кот, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства, і Каміла Аруцюнян, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

 

Работа выставы працягнецца 
да 10 ліпень 2023 года

іншыя выставы
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Расія – Беларусь. Скрыжаванне лесаў
Расія – Беларусь. Скрыжаванне лесаў

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30