Невядомае аб вядомым. Пра што кажуць кветкі

Невядомае аб вядомым.  Пра што кажуць кветкі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 9 верасня 2022 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працаваць выстава “Невядомае аб вядомым. Пра што кажуць кветкі”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены творы з фондаў музея, а таксама з карпаратыўнай калекцыі ААТ “Белгазпрамбанк”.

Мова сімвалаў заўсёды панавалаў мастацтве, а кветкам у ім адводзілася асаблівае месца. Калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь уключае ў сябе нямала цікавых твораў, якія дапамагаюць прасачыць развіццё флорасімволікі і разгадаць метафарычную “мову кветак”, вядомую яшчэ з часоў Антычнасці. Амаль кожная кветка надзялялася ўласнай мовай, што была неаднолькавай для розных народаў і мянялася з цягам часу. У мастацтве шматзначнасць выявы кветкі надае кветкаваму матыву сэнсавую і эмацыянальную поліфанічнасць, філасофскую паглыбленасць.

Выстава “Невядомае аб вядомым. Пра што кажуць кветкі” дазваляе гледачу даведацца пра таемныя пасланні, зашыфраваныя ў творах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Экспазіцыя арганізавана пераважна такім чынам, каб склалася ўяўленне аб развіцці флорасімволікі ў розных краінах і культурах. Гісторыя сімволікі кветак бярэ свой пачатак у глыбокай старажытнасці. У Старажытнай Грэцыі, як і ў Старажытным Егіпце, звычай выкарыстання кветкавых упрыгожванняў падчас рэлігійных і свецкіх свят быў шырока распаўсюджаны. Пры гэтым кветкі выкарыстоўваліся не толькі для ўпрыгожвання, але і для выражэння пэўных эмоцый, пачуццяў, настрояў. Яны надзяляліся асаблівым сэнсам, сімвалізуючы вясну і юнацтва, сон, смерць і адраджэнне. Хуткаплыннасць жыцця бутонаў, іх далікатная прыгажосць і асаблівасці цвіцення знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх міфах і легендах. Аднак сваё ўстойлівае значэнне прадстаўнікі флоры пачалі набываць у эпоху Сярэднявечча пад магутным уплывам хрысціянскай рэлігіі і царквы.

Прыгажосць навакольнага свету ў выглядзе складаных кветкавых кампазіцый з сімвалічным падтэкстам адлюстравана ў многіх карцінах, пачынаючы ад яркага ўзору фламандскага жывапісу XVII стагоддзя (Д. Сегерс (1590–1661), “Мадонна ў кветках”) і заканчваючы творамі мастакоў Парыжскай школы (М. Кікоін (1892–1968), П. Крэмень (1890–1981), В. Любіч (1896–1990), Ш. Царфін (1899/1900–1975) у XX стагоддзі.

Нярэдка мастакі дапаўнялі кветкавыя нацюрморты пладамі, дробнымі прадметамі, выявамі насякомых і жывёл. Гэтыя выявы адлюстроўвалі асноўную думку твора, падкрэсліваючы матыў завядання, грахоўнасці ўсяго зямнога. Існаваў асаблівы від нацюрморта Vanitas vanitatis (“Пустая марнасць”), які з’яўляецца алегорыяй хуткаплыннасці і тленнасці ўсяго зямнога, дзе кветкам адводзілася асаблівае месца (І. Б. Дрэхслер (1756–1811), “Нацюрморт з кветкамі і матылькамі” канец 1780-х – пачатак 1790-х).

Жывапіс “кветак і пладоў” займаў вядучае месца ў тэматычнай структуры рускага нацюрморта XVIII–XIX стагоддзяў. Прызнаным майстрам гэтага жанру з’яўляўся І. Ф. Хруцкі (1810–1885), чые працы прадстаўлены ў экспазіцыі другой залы (“Кветкі і фрукты”, 1839 і 1840).

Кветкі, чыё жыццё такое кароткае, а прыгажосць хуткаплынная, становяцца цудоўным аб’ектам для творчасці рускіх мастакоў у пачатку XX стагоддзя, калі адбываецца росквіт жанру нацюрморта. Сярод яго лепшых узораў – імпрэсіяністычныя па сваім паходжанні, але па-рознаму ўзбагачаныя новымі мастацкімі павевамі працы К. А. Каровіна (1861–1939), рамантызавана-прыўзнятыя і вострадэкаратыўныя вобразы П. В. Кузняцова (1878–1968), М. М. Сапунова (1880–1912), яркія, пластычныя матывы майстроў “Бубновага валета” (П. П. Канчалоўскага (1876–1956), І. І. Машкова (1881–1944) з іх культам адзінства колеру і формы.

Асобная зала экспазіцыі прысвечана сімволіцы кветак у беларускім народным мастацтве. У экспануемых прадметах – посцілках, ручніках, кашулях, фартухах – перададзены арнаментаваныя пасланні ад нашых продкаў. У іх сканцэнтраваны надзеі, просьбы, мары і многае іншае. Вытканыя рукамі арнаменты лічыліся цудадзейнымі. Ствараючы іх, нашы продкі хацелі змяніць нешта вакол сябе, у сваім лёсе, у сваім жыцці, спрабавалі паўплываць на прыродныя сілы і на людское асяроддзе.

Кветкі з’яўляюцца не проста героямі і аздабленнем работ мастакоў, але і адкрываюць таемны сэнс, перадаюць пасланне ўважліваму гледачу. Варта толькі прыгледзецца – і мова кветак раскрые загадкі твораў.

На выставе “Невядомае аб вядомым. Пра што кажуць кветкі” прадстаўлены работы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і карпаратыўнай калекцыі ААТ “Белгазпрамбанк”.

 

Куратары выставы – Вінічэнка Вікторыя Віктараўна, старшы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Шантар Дзіяна Георгіеўна, загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы

Работа выставы працягнецца 
да 13 лістапада  2022 года

 

 

Партнёры праекта: ААТ Белгазпрамбанк і Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень