Памяці Людмілы Дзмітрыеўны Налівайка

Памяці Людмілы Дзмітрыеўны Налівайка
30 ліпеня 2021 года на 81 годзе жыцця, так і не здолеўшы акрыяць пасля трагічнай смерці адзінага сына Дзмітрыя (таксама некалькі гадоў працаваў у музеі), памерла мастак і мастацтвазнаўца Людміла Дзмітрыеўна Налівайка. Яна працавала ў Нацыянальным мастацкім музеі 15 гадоў, з 1998 па 2013 год.

У 1998 годзе яе з Акадэміі навук як адзінага ў Беларусі даследчыка, спецыяліста па графіцы 1920–1930-х гадоў запрасіў у музей дырэктар Уладзімір Іванавіч Пракапцоў. У 1997 годзе яна абараніла дысертацыю ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі “Мастацкае жыццё Беларусі. 1917–1932. Плакат, часопісная і газетная графіка”, сабраўшы ўнікальны і нікому невядомы матэрыял, які ўвайшоў у адпаведныя раздзелы 6-томнай “Гісторыі беларускага мастацтва”, выдадзенай у 1990-х гадах. Л. Д. Налівайка выявіла шматлікія прыклады “маладнякоўскай графікі”, агітацыйнага плаката (больш за 100 экзэмпляраў беларускага плаката ў расійскіх архівах), склала хронікі мастацкага жыцця Мінска, Гомеля, Віцебска, Смаленска, Вільні ў 1917–1991 гг. Яна была адказнай у музеі за вывучэнне вялізнага фонду беларускай тыражнай графікі ХХ стагоддзя, які налічваў тысячы твораў. У шырокае кола яе навуковых інтарэсаў уваходзіла вывучэнне экслібрысаў эпохі СССР, калекцыя якіх у нашым музеі вялізная – звыш 15-ці тысяч адзінак захоўвання, а таксама графікі мастакоў 1920–1930-х гадоў, біяграфіі якіх былі малавядомыя. Менавіта яна ўвяла ў навуковы зварот творчасць вядомых графікаў Паўла Гуткоўскага, Уладзіслава Стржэмінскага, Аляксандра Ахола-Вало, Мікалая Тарасікава.

Л. Д. Налівайка. 1980-я
Л. Д. Налівайка. 1980-я
Л. Д. Налівайка. НММ РБ. 2005. Фота Д. Казлова
Л. Д. Налівайка. НММ РБ. 2005. Фота Д. Казлова

За час працы ў музеі Людміла Дзмітрыеўна прыняла ўдзел у 12 навуковых канферэнцыях, падрыхтавала больш за 10 выстаў, напісала 120 артыкулаў, папоўніўшы і без таго вялізны спіс сваёй навуковай і навукова-папулярнай бібліяграфіі, які пры ўсім жаданні немагчыма апублікаваць, паколькі ён займае 40 старонак тэксту – цэлую брашуру. Яе артыкулы рэгулярна з’яўляліся ў часопісах “Мастацтва Беларусі”, “Роднае слова”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Культура”, “Вячэрні Мінск” і інш. Даволі часта Лідміла Дзмітрыеўна была ў супрацоўніцтве з былым выкладчыкам БТМІ, мастаком Яўгенам Феліксавічам Шунейкам, з якім сябравала да апошніх гадоў свайго жыцця. Многія гады была асабіста знаёма з доктарам мастацтвазнаўства Л. М. Дробавым, дапамагла апрацаваць яго бясцэнны архіў, перададзены ў 2008 годзе ўдавой у Нацыянальны мастацкі музей.

На магіле Пэна. Віцебск. Пачатак 2000-х
На магіле Пэна. Віцебск. Пачатак 2000-х
Л. Д. Налівайка з аўтарскім батыкам. Пачатак 2000-х
Л. Д. Налівайка з аўтарскім батыкам. Пачатак 2000-х
С. А. Шукан і Л. Д. Налівайка на адкрыцці выставы
С. А. Шукан і Л. Д. Налівайка на адкрыцці выставы

Людміла Дзмітрыеўна аддавала сябе працы спаўна, была, нягледзячы на праблемы са здароўем, надзвычай мабільнай, горача захопленай, адкрываючы ўсё новыя звесткі аб малавядомых мастаках, шчодра дзелячыся сваімі ведамі з калегамі. Прыкладам можа служыць адкрыты ёю арыгінальны феномен – мастак Аляксандр Ахола-Вало, фін па нацыянальнасці, які ў 1920-я гады працаваў у Мінску. Людміле Дзмітрыеўне ўдалося з’ездзіць да яго ў Фінляндыю па гранце Інстытута Расіі і Заходняй Еўропы ў г. Хельсінкі ў двухтыднёвую навуковую камандзіроўку і запрасіць ужо 90-гадовага майстра прыехаць у Мінск, пасяліўшы яго ў сябе ў кватэры ў Шабанах. Пра свае прыгоды ў Фінляндыі і зносінах з мастаком, якога многія лічылі фантазёрам, містыкам, чалавекам “не ад гэтага свету”, яна любіла з непараўнальным гумарам расказваць калегам. Сабраныя матэрыялы аб жыцці і творчасці майстра Л. Д. Налівайка перадала Цэнтру сучаснага мастацтва ў Віцебску.

Яе доўгачасовай і, на жаль, няздзейсненай марай было выданне альбома твораў Аляксандра Ахола-Вало, а таксама пераклад і выданне ў Беларусі яго навуковай містычнай працы, што, відавочна, стане задачай наступнага пакалення даследчыкаў. Іншай няздзейсненай справай быў збор архіва і адкрыццё для беларусаў імя выбітнага графіка Анатоля Мікалаевіча Тычыны, з жонкай якога яна сябравала. Людміла Дзмітрыеўна напісала некалькі артыкулаў і выдала альбом “Мой Мінск”, што прысвечаны творчасці Тычыны і адлюстроўвае яго паўвекавую працу над выявай Мінска. Сам мастак беспаспяхова дабіваўся і не змог зрабіць гэта пры жыцці. Марай Людмілы Дзмітрыеўны Налівайка было стварэнне каталога экслібрысаў Беларусі 1920–1930-х гадоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны. Яна толькі пачала карпатлівую працу, актыўна займаючыся прапагандай гэтага выміраючага жанру графікі, правёўшы некалькі выстаў экслібрыса ў музеі ў пачатку 2000-х.

"Гродна" Налівайка Л.Д. 1967. Папера, лінагравюра
"Гродна" Налівайка Л.Д. 1967. Папера, лінагравюра
"Інтэр'ер" Налівайка Л.Д. 1971. Бумага, акварэль
"Інтэр'ер" Налівайка Л.Д. 1971. Бумага, акварэль

Род Людмілы Дзмітрыеўна Налівайка паходзіць з Заходняй Беларусі. Яна нарадзілася ў Гродне ў 1940 годзе напярэдадні Другой сусветнай вайны ў сям’і былога дырэктара школы ў Беластоку, які ў 1939 годзе з сям’ёй пераехаў у Гродна. Усё дзяцінства і юнацтва Людмілы Дзмітрыеўны прайшлі ў гэтым горадзе, дзе яна, мастак пры Абласным драматычным тэатры, затым педагог адной са школ, пазнаёмілася з журналістам “Гродзенскай праўды” Васілём Быкавым і падтрымлівала сяброўскія адносіны з ім усё жыццё.

У 1963 годзе Людміла Дзмітрыеўна скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, у 1978–1984 гадах працавала і вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Як мастак удзельнічала ў дзвюх Усесаюзных і дзесяці рэспубліканскіх выставах; дзве яе графічныя работы – лінагравюра “Гродна” і акварэль “Інтэр’ер” – знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Апошнія гады жыцця, ужо будучы на пенсіі, яна займалася роспісам па батыку, арганізоўвала шматлікія выставы ў сваім мікрараёне Шабаны, вяла ў мясцовай бібліятэцы гурток малявання, чытала лекцыі.

Студэнты Віцебскага мастацка-графічнага факультэта. 1958
Студэнты Віцебскага мастацка-графічнага факультэта. 1958
Апошні дзень у Віцебску. (Пасля заканчэння Худграфа). 1962.
Апошні дзень у Віцебску. (Пасля заканчэння Худграфа). 1962.

Светлая памяць аб светлым чалавеку застанецца 
ў сэрцах яе калег, у гісторыі музея.

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў апошнюю сераду кожнага месяца і ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро па гарадскім нумары: 397-01-63 альбо 342-87-87.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Апошняя серада месяца – дзень ільготнага наведвання. Уваходны білет у апошнюю сераду кожнага месяца складае 4 руб. для дарослых, 2 руб. для школьнікаў і студэнтаў дзённай формы навучання.

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па гарадскім тэлефоне: 397-01-63. У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

Падрабязная афіша ўсіх падзей публікуецца ў раздзеле “Навіны”.