Плады Зямлі

Плады Зямлі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

20 студзеня 2023 года ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пачынае працаваць выстава “Плады Зямлі”, прысвечаная Году міру і стварэння.

Выстава “Плады Зямлі” ўключае каля 40 твораў больш за 30 мастакоў Беларусі ад XVIII да канца XX стагоддзя з фондаў музея. Яна прысвечана пладам як выніку працы чалавека, божым дарункам, сімвалам мудрасці, любві і радасці. Гэта не толькі нацюрморты, але і краявіды, і нават партрэты. Выстава змяшчае некалькі раздзелаў: “Кветкі і плады”, “Райскі сад”, “Дыялог”, “Жыццё на стале”, “У стылі Сезана”.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы мірнай стваральнай працы прапануюць нам “спыніцца, азірнуцца”, прыгледзецца да дароў зямлі. Яны вяртаюць нам веру ў тое, што ў аснове светабудовы ляжаць прыгажосць і гармонія. Нездарма невядомы іканапісец XVIII стагоддзя ўклаў у рукі Дзіцяці Хрыста, які сядзіць на руках Маці Божай, яблык – плод райскага саду з дрэва пазнання дабра і зла. Ісус Хрыстос называецца ў хрысціянскай традыцыі Новым Адамам, бо праз Адама грэх і смерць увайшлі ў чалавечую прыроду, а Ісус (Богачалавек) выратаваў род чалавечы ад першароднага граху. Працягваюць тэму райскага саду на выставе карціны мастакоў, якія паказваюць цвіценне садоў – часу, калі зямля на некалькі дзён ператвараецца ў пахучы сад Эдэма.

Без Зямлі, яе пладоў, як міфічнаму Антэю, няма дзе ўзяць сілы чалавеку. Чалавек і прырода ідуць адзін за адным агульным жыццёвым цыклам светабудовы: насенне – рост – цвіценне – плоданашэнне – завяданне – і зноў адраджэнне. Увасабленнем жыватворчай прыроды, яе шчодрасці і адкрытасці, гасціннасці Беларусі з’яўляецца карціна Івана Хруцкага “Партрэт невядомай з кошыкам пладоў” 1830-х гадоў.

Сцэны багацця ў сямейным зборы ўраджаю яблыкаў на карцінах М. Рагалевіча, А. Кішчанкі пры ўсёй іх жанравасці нясуць сакральны характар, як і ўрачыстае прадстаянне яблыкаў і груш у керамічным цыкле В. Угрыновіча “Успаміны пра лета” або шпалеры В. Крывашэевай “Восеньскі нацюрморт”. Вырашчаныя і сабраныя чалавекам, яны ўступаюць з ім у своеасаблівы дыялог, змяняючы сэнс у залежнасці ад задумы мастака. Напрыклад, яблык з бацькоўскага саду ў творах А. Мазалёва, М. Рагалевіча, В. Волкава, Г. Вашчанкі служыць і прыкметай летняй свабоды і бесклапотнасці хлопчыка-падлетка на канікулах, і абярэгам маладога салдата, што прыбыў на пабыўку, і сімвалам трагічных роздумаў маці, якая страціла сына, і атрыбутам дзяўчыны ў чаканні нарачонага. 

Беларускія мастакі бачаць у пладах зямлі – звыклых нам яблыках, грушах, вішнях, слівах, гарбузах – бясконцыя матывы для творчасці і эксперыменту, якія выявіліся ў цыклах яркіх нацюрмортаў Я. Раздзялоўскай, С. Катковай, В. Жолтак раздзела “Жыццё на стале”, дзе ў спалучэнні з кветкавымі букетамі і без іх у рознай жывапіснай інтэрпрэтацыі нанізваюцца каралі твораў – ад рэалістычных Л. Журавовіч і Г. Шутава і фармальных “у стылі Сезана” да метафізічных “аскепкаў райскага саду” ў філасофскіх творах А. Кішчанкі і С. Цімохава. 

 

Куратары – Надзея Усава і Анастасія Рубашная, навуковыя супрацоўнікі аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 

Дызайн – Дзіяны Аліевай

 

Работа выставы працягнецца 
да 5 сакавіка 2023 года

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30