Плынь часу

Плынь часу

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

30 ліпеня на галерэі Мастацкага музея (вул. Леніна, 20) у рамках праекта “Нашы калекцыі” адкрываецца выстава “Плынь часу”, на якой будуць дэманстравацца творы мастакоў Беларусі – юбіляраў 2022 года.

Гэта 16-я групавая выстава, прысвечаная творчасці мастакоў – юбіляраў таго ці іншага года. Падобныя экспазіцыі сталі ў нашым музеі ўжо традыцыйнымі.

Выстава ўключае каля 90 твораў больш за 50 аўтараў ад 160 да 70 гадоў. Мастакі прадстаўлены абмежавана, невялікай колькасцю работ. Гэта не дазваляе цэласна паказаць творчасць кожнага, але ўсё ж дае магчымасць выявіць індывідуальнасць майстроў. Некаторыя мастакі “гучаць” зладжана, нягледзячы на дзесяцігоддзі, якія іх падзяляюць, некаторыя, якія жылі ў адзін час, дысануюць, у цэлым складаючы калейдаскапічную карціну розных светаўспрыманняў і інтэрпрэтацый рэальнасці.

Мастацтва, якое стваралася на працягу прыкладна ста трыццаці гадоў, пачынаючы з 1887 да 2010-х, дазваляе адчуць “атмасферу” розных эпох, пазнаёміцца з эвалюцыяй густаў мастакоў і грамадства, ажыццявіць свайго роду падарожжа ў часе.

Учарашні дзень – гэта ўжо гісторыя, тым больш падзеі і прадметы векавой даўнасці. У сілу зразумелых прычын твораў тых гадоў дайшло да нас няшмат, таму яны ацэньваюцца не толькі па ўласна мастацкіх якасцях, але і як унікальныя сведчанні “згубленага часу”, руінаванай культуры, якая мінула, трагічных лёсаў. Гэта творы І. Крупене, М. Сляпяна, Г. Змудзінскага.

Асноўны ж масіў выставы складаюць творы 1940-х–1980-х гадоў. Знаёмства з экспанатамі, створанымі пераважна ў савецкі і постсавецкі час, дазваляе бачыць, як перавага сацыяльна-бытавой праблематыкі ў аптымістычным жыццебудаўнічым ключы змяняецца большай засяроджанасцю на індывідуальных перажываннях аўтара і мадэляў, больш смелай вобразнасцю, вялікай разнастайнасцю і свабодай мастацкай мовы аж да адмовы ад фігуратыўнасці. Такім чынам, за стагоддзе мастацтва як быццам зрабіла круг. Адслужыўшы ў рамках афіцыйнай ідэалогіі, яно вярнулася да экзістэнцыяльных, жыццёвых, асобасных інтарэсаў.

У гэтым годзе юбілеі шэрага выдатных майстроў былі адзначаны ў музеі персанальнымі выставамі М. Савіцкага, Я. Раздзялоўскай, А. Шаўчэнкі, У. Савіча, М. Ісаёнка, таму ў экспазіцыі яны прадстаўлены больш эканомна. А некаторыя мастакі маюць у музейнай калекцыі мінімальную колькасць жывапісных твораў, як, напрыклад, Я. Каробушкін, В. Бідэр, В. Рускевіч, М. Таранда, В. Ціханавец. Шэраг карцін сёлетніх юбіляраў экспануецца на іншых выставах і ў розных установах. Асобныя творы чакаюць чаргі на рэстаўрацыю.

У пастаяннай экспазіцыі музея зараз можна бачыць адзіныя ў нашым зборы жывапісныя работы сёлетніх юбіляраў: М. Куніна, А. Бразера, а таксама выбраныя творы А. Тычыны, П. Гаўрыленкі, М. Сляпяна, Г. Бржазоўскага, М. Савіцкага, А. Кузняцова, М. Селяшчука, М. Ісаёнка, Г. Ісаевіч, якія вызначаюць або дапаўняюць уяўленне аб творчым абліччы гэтых мастакоў.

Выстава ўключае работы не толькі майстроў, так ці інакш звязаных з Мінскам, але і мастакоў, якія працавалі і працуюць у іншых месцах Беларусі – Брэсце (В. Сабалеўскі), Маладзечне (Я. Раздзялоўская), на Віцебшчыне (М. Таранда, В. Шылко).

 

Куратар – Вайцэхоўская В.У., вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Работа выставы працягнецца 
да 28 жніўня 2022 года

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30