У пераходзе да станцыі метро “Кастрычніцкая” на светлавых рэкламных панэлях будуць прадстаўлены рэпрадукцыі знакамітых твораў беларускіх мастакоў з калекцыі музея.
Больш за 80 гадоў мінула ад пачатку найвялікшай у ХХ стагоддзі вайны, а раны, пакінутыя на целе беларускага народа, непазбыўным болем адгукаюцца ў гістарычнай памяці. На важнейшыя гістарычныя падзеі мы глядзім праз прызму мастацтва. І калі заходзіць гаворка пра тыя падзеі, перад намі – сучаснымі людзьмі – часта паўстаюць вобразы, створаныя мастакамі.
Адначасовае адчуванне трагедый і перамог, болю страт і трыумфу вызвалення з неверагоднай сілай перапляліся ў жыцці беларускага народа. Многія мастакі былі непасрэднымі ўдзельнікамі ваенных падзей і стварылі эпічную пластычную паэму пра жыццё чалавека ва ўсёй яго складанасці, пра подзвіг і ахвярнасць, абавязак і прызначэнне... Мастацкая спадчына захоўвае велізарную колькасць работ, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны. Дадзены праект прэзентуе ўсяго 15 твораў-хронік такіх мастакоў, як Р. Кудрэвіч, Я. Ціхановіч, Л. Шчамялёў, Л. Асядоўскі, М. Данцыг, М. Рыжыкаў; П. Гаўрыленка, І. Ахрэмчык, П. Дурчын, М. Савіцкі; В. Волкаў, П. Масленікаў, Л. Асецкі і І. Капелян. Скарыстаўшыся qr-кодам, змешчаным на плакаце, вы зможаце ажыццявіць віртуальнае падарожжа па ўсёй пастаяннай экспазіцыі музея.
Праект “80-Артхроніка вызвалення” – гэта сімвал пераемнасці пакаленняў і шанавання подзвігу беларускага народа. Дасягнуты мір мы памятаем і цэнім кожны дзень.
Рэкламна-выставачны праект усе жадаючыя змогуць убачыць у падземным пешаходным пераходзе станцыі метро “Кастрычніцкая” (выхад да ГУМа, Кастрычніцкай плошчы і Палаца Рэспублікі) да 15 ліпеня 2024 г.