“Першая выстава, якая чаканную аправу ставіць у аснову асноў” – Катляроў Юрый Пятровіч, дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава.
20 жніўня ў Мастацкім музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі са збору Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава “Жар і холад металу. Убранне веткаўскай іконы”.
“Бачыць адзенне абразоў – гэта таксама цікавы расказ!”, – прывітала гасцей Ірына Уладзіміраўна Мацяс, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
У экспазіцыі паказаны ўнікальныя ўзоры чаканных апраў на іконы, створаныя веткаўскімі майстрамі ў XVIII – пачатку XX ст. Такім чынам, гледачу прадстаўлена цэласная мастацкая традыцыя.
“Больш за пяцьдзесят апраў былі адрэстаўрыраваныя з нуля… Калекцыю мы збіралі з канца 70-х гадоў”, – расказаў пра творы Катляроў Юрый Пятровіч.
Запрашаем адчуць жар і холад каваных рыз да 25 кастрычніка ў выставачным корпусе (К. Маркса, 24), на трэцім паверсе.