Пленэр носіць імя Міхаіла Сеўрука, жывапісца, графіка, ілюстратара, які шмат гадоў не толькі тварыў у Нясвіжы, але і прывіваў вучням любоў да мастацтва. Як успамінаў выхаванец яго мастацкай студыі – скульптар Леў Мікалаевіч Гумілеўскі, пуцёўку ў жыццё ў мастацтве ён атрымаў менавіта ад Міхаіла Сеўрука.
Вядомая ісціна, што дзеці – выдатныя мастакі, якія ўмеюць знайсці свежы вобраз, нечаканы ракурс, незвычайнае рашэнне, пластыку і колер як у Маціса, або Маціс знаходзіў гэта ў дзяцей і вучыўся дзіцячай непасрэднасці ў творчасці.
Пленэр для навучэнцаў мастацкіх школ праходзіць сёлета чатырнаццаты раз. Яго канцэпцыя выверылася і стала вызначанай. Дзве пленэрныя работы звязваюцца са зносінамі з прыродай, архітэктурай старога горада Нясвіжа, пішуцца з натуры, і адна праца – кампазіцыйная.
Кампазіцыі прысвячаліся легендам краю, асобным гістарычным асобам: Джавані Марыі Бернардоні, архітэктару, які ствараў значныя архітэктурныя помнікі – жамчужыны нашай культуры; Марыі Даратэі Элізабэт дэ Каcтэлян-Радзівіл, якая стварала комплекс паркаў вакол Нясвіжскага замка ў канцы XIX стагоддзя; Францысцы Уршулі Радзівіл, першай на нашых землях жанчыне-пісьменніцы і драматургу, заснавальніцы тэатра ў Нясвіжы і іншым.
Адзін з найцікавых пленэраў атрымаўся, калі было прапанавана зрабіць кампазіцыю-рэканструкцыю рэгулярных “французскіх” садоў (паркаў), якія ствараліся на тэрыторыі Нясвіжа і наваколля ў XVII–XVIII стагоддзях.
Пленэр 2021 года ўключаў кампазіцыю-прысвячэнне аднаму архітэктурнаму помніку –Дому рамесніка на рынку. Так адзначылі яго 300-годдзе. Як жа цікава была паказана дзецьмі гістарычная рэтраспектыва гэтага дома разам з ратушным пляцам, шумнымі кірмашамі, што праходзілі на ёй!
Пленэр сабраў вакол сябе плеяду таленавітых мастакоў-педагогаў, сапраўдных энтузіястаў пленэрнага руху. За дзіцячымі працамі заўсёды адчуваецца іх таленавітае настаўніцтва, мастацкія перавагі і стылістыка.
За гэтыя гады нязменна паспяхова выступалі каманды мастацкіх школ з Віцебска, Мінска, Полацка, Оршы, Наваполацка, Баранавіч, Салігорска, Слуцка, Клецка, Мазыра, Заслаўя, Стоўбцаў, Лагойска, Жодзіна, Барысава, Маладзечна.
Падобны пленэр ператварыўся ў яркае і значнае для дзяцей і падлеткаў мерапрыемства, якое стымуляваў цікавасць да гісторыі роднай краіны, пашыраў ўяўленне аб мастацтве праз зносіны і абмен вопытам, а таксама праз прагляд мастацкіх выстаў, арганізаваных і прымеркаваных непасрэдна да мерапрыемства.
Штогод юныя мастакі паглыбляюцца ў тэму пленэру дзякуючы найцікавым экскурсіям, якія праводзяцца спецыялістамі Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж”, і выставам у залах запаведніка, што спалучаюць у сабе матэрыялы гістарычнай і мастацкай каштоўнасцей.
Пачынаючы з 2009 года сабралася вялікая калекцыя найлепшых работ.
Гэта выстава дае магчымасць убачыць частку той прыгажосці, якую робяць юныя мастакі кожнай вясной пад адкрытым небам, дзівіцца іх фантазіі і чыстай непасрэднасці ва ўспрыманні прыроды, гісторыі і мастацтва.
Загадчык мастацкага аддзялення ДУА “Нясвіжская дзіцячая школа мастацтваў”, куратар пленэру Марына Канавалава
Выстава працягнецца да 19 чэрвеня 2023 года